«Я не выключаў, што мяне могуць трымаць і надалей». Актывіст Валадар Цурпанаў выйшаў пасля 43 содняў арышту


Выпускалі грамадскага актывіста Валадара Цурпанава з Магілёўскага ізалятару ноччу, а палове на 3 гадзіну, 3 лістапада. «Я не выключаў, што мяне яшчэ могуць трымаць і надалей, але ўсё ж такі выпусцілі. Настрой нармальны, я ж адпачываў тут. Багата думак», – першае, што сказаў Валадар пасля выхаду з ІЧУ.

Валадар Цурпанаў – адзін з самых яркіх актывістаў Магілёва, вядомы яшчэ з 90-ых гадоў. Сёлета ён таксама браў актыўны ўдзел у грамадскіх падзеях.

Валадар Цурпанаў – на плошчы перад Магілёўскім аблвыканкамам 23 жніўня.
Фота: Вольга Васільева, Belsat.eu

Валадара затрымалі падчас школьнай лінейкі 1 верасня, дзе ён абвінаваціў супрацоўнікаў школы ў фальсіфікацыі выбараў. За гэты выступ і за ўдзел у мірных маршах пратэсту Цурпанаў атрымаў 28 содняў арышту, але адбыў з іх дваццаць. Актывіст трымаў сухую галадоўку 10 дзён, з-за чаго 21 верасня яго даставілі ў больніцу. Наступны раз Цурпанава затрымалі 12 кастрычніка і зноўку арыштавалі за ўдзел у акцыях пратэсту. Далі 15 содняў, а пасля накінулі тыя, якія засталіся, калі яго забралі ў больніцу.

Першае, што зрабіў Валадар, як 3 лістапада выйшаў з ІЧУ, абняў жонку Ірыну. Яны ліставаліся ўвесь тэрмін арышту, таму сувязь паміж імі не гублялася. Жонка прыносіла яму перадачы, іх вельмі пільна даглядалі: не ўзялі кніжку нібыта праз пазнакі ў ёй, абмежавалі колькасць яблык трыма штукамі…

«Я б сказаў, што сістэма прызнала мяне за аўтарытэта: у мяне быў асобны пакой – я адзін сядзеў у двухмеснай камеры, два матрацы – так што спаць было адносна мякка. Кубачак, кіпень», – распавёў Валадар пра ўмовы ў ізалятары.

Маўляў, адносіны былі, як, у цэлым, да ўсіх палітычных.

Пагроза крымінальнай справы за абразу суддзі

У ізалятары Цурпанаў бавіў час тым, што шмат думаў, чытаў кнігі і пісаў скаргі. Ледзь не кожны дзень ён высоўваў патрабаванні то да пракурора, то да начальніка ізалятара.

У скаргах актывіст адзначаў тыя праблемы, што ёсць у ізалятару, а таксама пісаў пра акалічнасці сваіх адміністратыўных спраў ды наконт крымінальнай справы за абразу суддзі.

Hавiны
«Білі да непрытомнасці – па твары і геніталіях, пагражалі выкінуць за Курапатамі». Мянчук – пра здзекі сілавікоў
2020.11.03 07:02

«Я перадаў скаргу да пракурора на тое, што адносна мяне ўвогуле распачалі праверку па крымінальнай справе. Следчы напісаў, што ў маіх дзеяннях ёсць склад злачынства. Але ж пры гэтым ён яшчэ толькі прызначыў экспертызу, якая мусіць высветліць, ці былі мае словы абразай для суддзі», – распавёў ён.

Валадар Цурпанаў выходзіць з Магілёўскага ізалятару часовага ўтрымання.
Фота: Belsat.eu

Інцыдэнт, па якім Следчы камітэт зараз праводзіць праверку, адбыўся 9 верасня.

Валадар Цурпанаў знаходзіўся ў ізалятары і не ведаў, што яго чакае яшчэ адзін суд праз скайп за ўдзел у мірным маршы. Калі паседжанне пачалося, ён заявіў хадатайства, каб разгляд справы вёўся на беларускай мове. Суддзя Вікторыя Пялякова хадатайства не задаволіла. Актывіст назваў яе «хунтаўскай падсцілкай», і на гэтым яго ўдзел у разглядзе справы скончыўся. Вікторыя Палякова на месцы аштрафавала Цурпанава за непавагу да суду (арт. 24.1 КаАП) на 10 б.в.

Пасля адміністрацыйнага пакарання Цурпанаву пагражае і крымінальная адказнасць за абразу суддзі.

«Я паставіў сябе на месца экспертаў. Што яны могуць знайсці? Хунтаўская – якая тут абраза, які склад знявагі? Падсцілка – нармальная рэч. Як ведаў бы, дзе ўпадзеш, саломку бы падсцяліў. Тут яны патрапілі ў пастку свайго ж абурэння маім нахабствам. З іх погляду, напэўна, нельга пакідаць беспакараным такое стаўленне да інстытуцыі, якая лічыцца ў іхнай сістэме адной з важных. А я лічу, што гэта псіхалагічны ціск на астатніх, каб іншым павадна не было», – сказаў Валадар.

Пра ўмовы ўтрымання ў ізалятары

Сярод скаргаў на ўмовы ўтрымання ў ізалятары Валадар прыгадаў адну з апошніх. «Наконт назірання вялікага брата за арыштаванымі. Я нават пры дапамозе малюнка паказаў ім, як трэба рабіць. Павінна быць такая шторка: калі чалавек жадае, каб за ім назіралі ў любы момант, ён адкрывае гэтую шторку, калі не жадае – закрывае», – сказаў Цурпанаў. У гэты глазок вартаўнікі зазіраюць кожныя 5-10 хвілін.

Hавiны
«Пракурор сказаў: усіх у турму». Двум абаронцам мемарыялу Тарайкоўскага пагражае да 10 гадоў зняволення
2020.10.30 08:14

Амаль увесь час Цурпанаў прабыў адзін у камеры. Як чалавек самадастатковы, ён адчуваў сябе цалкам нармальна. Адзіная нязручнасць для актывіста – адсутнасць гадзінніка.

«Іхную пачварную радыёстанцыю я выключыў адразу. Заставалася адсочваць час па тым, што адбываецца ў калідоры. Гэта складана, асабліва ў другой палове дня. Згодны, было б лепей, калі б была аўдыторыя. Я б мог працягваць працу сярод людзей, але адзіноцтва мяне не прыгнятала. Тым больш ёсць кніжкі розныя, Біблія ратуе», – патлумачыў Валадар.

Цурпанаў лічыць, што яму далі больш за ўсіх содняў, каб напужаць іншых, а таксама за яго «заслугі». У жніўні Цурпанаў дабіўся сустрэчы са старшынёй Магілёўскага аблвыканкаму Леанідам Зайцам. На ёй Цурпанаў прадставіў «Рэзалюцыю ўдзельнікаў мітынгу пратэсту» з 15 патрабаванняў, у якіх галоўным пунктам была адстаўка Аляксандра Лукашэнкі.

Вялікія планы: кніга або партыя

Цяпер Валадар Цурпанаў абірае, чым займацца далей. У яго ёсць дзве ідэі: напісаць кнігу або стварыць партыю.

Кнігу актывіст задумаў аўтабіяграфічнага характару. Не мемуары, а мастацкую кніжку. Да гэтага яго падштурхнулі апошнія падзеі ў Беларусі, маўляў, патрэбна іх сістэматызаваць. Каб канчаткова аформілася ідэя будучай кнігі, паспрыяла і атмасфера ізалятара.

Другая ідэя Цурпанава – стварыць партыю:

«Я кажу не пра ідэалагічную партыю, а пра партыю новага тыпу. Нейкага роду Магістрат, які грунтуецца на сваіх чальцах. Імі будуць старасты дамоў. Каб вы зразумелі, старасты – галоўныя палітыкі ў будучым», – тлумачыць Валадар Цурпанаў.

Вольга Васільева, Belsat.eu

Стужка навінаў