«Я буду стаяць да канца». Інтэрв'ю з лідарам забастоўкі на «Беларуськаліі»


Беларускія прадпрыемствы бастуюць па ўсёй краіне. Адным з найбольш буйных стаў страйк працаўнікоў аднаго з галоўных і самых багатых прадпрыемстваў краіны – «Беларуськалію». Чаму шахцёры выйшлі на забастоўку, і як доўга гэта працягнецца? «Белсат» паразмаўляў з адным з лідараў пратэсту.

Hавiны
Страйк у Салігорску. Як бастуюць шахцёры. Фотарэпартаж
2020.08.18 21:45

Пагрозы ад адміністрацыі

«Дзядзя Лёша з ЦПП» – так просіць называць сябе адзін з лідараў камітэту стачкі на «Беларуськаліі». Праўда, ад гэткай пасады мужчына адхрышчваецца: кажа, што ён проста «актыўны». А структура ў бастуючых шахцёраў больш гарызантальная – прыводзяць аналогіі з аб’яднаным штабам.

Праз сваю актыўнасць Аляксей ужо сутыкнуўся з ціскам. У панядзелак 17 жніўня яму патэлефанавалі з незнаёмага нумару і пачалі задаваць дзіўныя пытанні.

«Наўпрост не пагражалі. Пыталі, ці збіраюся я жыць і працаваць на рудніку. Не казалі: «Выйдзіце і мы вас заб’ём». Усё ў паўтонах, паўнамёках».

Акцыя ў падтрымку работнікаў ААТ “Беларуськалій” на цэнтральнай плошчы Салігорска. 18 жніўня, 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Аляксей ведае, што ў яго ў любым разе пачнуцца праблемы на працы. Аднак ён да гэтага гатовы: у выпадку чаго, проста не пойдзе на працу.

«Начальства можа стварыць мне любыя некамфортныя ўмовы працы. Таму зараз я рыхтуюся шукаць новую працу. А калі надалей буду атрымоўваць пагрозы, то буду ўцякаць з краіны. Калі Лукашэнка застанецца, то толькі такі варыянт».

Аляксей – ветэран «Беларуськалія», працуе там з 1993 года. Першыя 7 гадоў быў на паверхні, а ў 2000-ым спусціўся ў шахту. Сваю працу апісвае як «стабільную, не вельмі высокааплатную, але і не вельмі цяжкую». Калі спрашчаць, то ён падае электрычнасць тым шахцёрам, якія працуюць у забоі.

Hавiны
Па ўсёй Беларусі страйкуюць працоўныя
2020.08.13 17:33

Чаму пачалі пратэставаць

Ужо пасля выбараў пачаліся першыя спробы забастовак, але яны былі неарганізаваныя. На працу хадзілі, але нічога не рабілі – планы зрываліся. Шахцёры пачалі размаўляць пра забастоўку толькі тады, калі па ўсёй краіне пачаліся хваляванні: пасля забастоўкі дактароў, мірных жаночых пратэстаў.

Чаму так доўга чакалі? Аляксей тлумачыць гэта самой арганізацыяй працы. У «Беларуськалія» зараз 6 руднікоў. Найбольш вытворчы зараз трэці. Агулам на прадпрыемстве працуе 18 тысячаў чалавек. Некаторыя з іх – «офісны» і абслугоўваючы персанал. Яны працуюць у адну змену. Тыя, хто звязаны наўпрост з шахтаю, працуюць у пяць зменаў.

«Я некаторых людзей магу не бачыць па 2 дні. Змены цягнуцца па 8 гадзінаў. Я скончыў працу – на маё месца іншы заступіў. І так далей. Цяжка сабрацца і паразмаўляць».

Акцыя ў падтрымку работнікаў ААТ “Беларуськалій” на цэнтральнай плошчы Салігорска. Сабраліся шахцёры, рабочыя і неабыякавыя людзі. 18 жніўня, 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Аляксей падкрэслівае, што шахцёры – працоўныя людзі, якія не так актыўна карыстаюцца камп’ютарамі і смартфонамі. У некаторых нават кнопкавыя тэлефоны, яны глядзяць дзяржаўнае тэлебачанне. Сам Аляксей пасля працы займаўся руціннымі справамі: будаваў дом, займаўся машынаю.

«Калі я пабачыў пратэсты, збіванні людзей. А калі іх пачалі выпускаць… Тут адбыўся нейкі надлом».

Але пакрысе пачала нарастаць хваля, пачаліся заклікі да забастоўкі. Каб сабраць 18 тысячаў працаўнікоў, разбітых па 6 кропках, сышло 2 дні.

Трэці руднік, найбольш буйны і вытворчы, падышоў да вечара 18 жніўня ў фармаце, як гэта акрэслівае Аляксей, «павольнай італьянскай забастоўкі».

«Каб спыніць цалкам вытворчасць, патрэбная цэлая змена. Таму калі ранкам пачаць баставаць, то толькі каля гадзіны ночы ўсё стане», – тлумачыць мужчына.

Акцыя ў падтрымку работнікаў ААТ “Беларуськалій” на цэнтральнай плошчы Салігорска. 18 жніўня, 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Супраціў адміністрацыі

Забастоўка і нават намёк на яе вельмі не падабаецца адміністрацыі. Аляксей кажа, што яны патэлефанавалі перадавікам і пачалі на іх ціснуць.

«На «Беларуськаліі» вельмі шмат закрэдытаваных супрацоўнікаў. Таму кіраўніцтва пачынае на гэта ціснуць. Кажуць: «Як вы будзеце за свае кватэры-машыны плаціць?». Тут жа ўсе працуюць з надзеяй выйсці на пенсію і атрымаць дапамогу на пахаванне. Гэта 12 месячных акладаў. Можна і машыну купіць. А калі ты пачынаеш баставаць, то згубіш гэтыя выплаты».

У Салігорску міліцыя выцясняе людзей. Дзяўчына села на знак пратэсту.
Фота: «Белсат»

Гэткая тактыка спрацавала, і самыя «дарагія» спецыялісты вярнуліся на працу. Але нават пад такім ціскам яны здолелі вывесці на працу толькі адну брыгаду з васьмі.

«Я не магу проста перастаць падаваць электрычнасць на забой», – тлумачыць Аляксей. – «У гэты момант я парушаю працоўны кодэкс, мае дзеянні будуць разглядацца як дыверсія на вытворчасці. Я буду змушаны заплаціць усе выдаткі».

Паводле Аляксея большасць працаўнікоў «Беларуськалія» галасавалі за Святлану Ціханоўскую. Але плаціць рублём за свае погляды, яны не гатовыя. Аляксей пакуль што не вельмі верыць у поспех забастоўкі.

«Яны ў камфорце жывуць. Сярэдні заробак у «Беларуськаліі» 2 тысячы рублёў. Гэта вельмі добры заробак для Беларусі».

Сам жа ён будзе стаяць да канца.

  • 9 жніўня паводле ЦВК Аляксандр Лукашэнка набраў 80,1 %. Гэтыя вынікі выклікалі пратэсты, якія цягнуцца ўжо 11 дзень.
  • Беларусы выходзяць на вуліцу па ўсіх гарадах, каб выказаць сваю нязгоду з рэжымам Лукашэнкі. Да іх далучаюцца і працоўныя шматлікіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Найбольш буйныя страйкі прайшлі на жодзінскім БелАЗе, менскіх МАЗе, МЗКЦ, Трактарным заводзе.
  • Ад панядзелка, 17 жніўня, да іх далучыўся і флагман беларускай прамысловасці салігорскі «Беларуськалій».

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў