Вышыванкі, шляхецкія строі і беларускія песні. Як моладзь сустрэлася з высланнікам Папы


Якім быў і чым запомніўся візіт у Беларусь Дзяржаўнага сакратара Ватыкану П’етра Параліна?

Завяршыўся афіцыйны візіт у Беларусь прадстаўніка Папы Рымскага, кардынала П’етра Параліна, які знаходзіўся ў нашай краіне з 12 па 15 сакавіка. Ён вылецеў з Менску ў Рым звычайным рэгулярным рэйсам.

Падчас свайго візіту кардынал прадэманстраваў цікавасць да беларускай паэзіі. 15 сакавіка ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны прадстаўнік Ватыкану працытаваў Уладзіміра Някляева, падае catholic.by.

Кажучы пра гады атэізму ў нашай краіне, Дзяржсакратар Папы Рымскага праілюстраваў сваю думку радкамі:

Ані царквы ў крыжох,

Ані хаціны боскай…

Так і жывуць удвох:

Богам забытая вёска,

Вёскай забыты Бог.

Звяртаючыся да дзяцей, кардынал згадаў словы паэткі і вядоўцы «Белсату» Валярыны Куставай:

Божа!

Зрабі нас шчаслівымі,

як малых дзяцей,

Каб не ведалі жаху,

пакутаў

і злосці.

Божа!

Зрабі нас бязгрэшнымі,

як Ты сам.

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

Падчас чування моладзі ў менскім касцёле святых Сымона і Алены кардынал Паралін некалькі разоў цытаваў Рыгора Барадуліна. Сваё казанне прадстаўнік пантыфіка закончыў наступнымі радкамі беларускага паэта:

Дзякую, Ўсявышні, Табе

За кожную лішнюю хвілю,

За кожную зморшчыну на ілбе,

За сілу і за бяссілле,

За дзірван і за раллю,

За пустку і за пушчу,

За тую зямлю,

Дзе люблю й не люблю,

І дзе я вочы заплюшчу.

Дзякую за цемру й святло,

За маміны вочы,

За ўсё, што было

І што не было,

Дзякую, Ойча…

[vc_single_image image=”6″ img_size=”large”]

У сваю чаргу каля тысячы маладых каталікоў, што былі на чуванні, скандавалі словамі верша Уладзіміра Караткевіча: «На Беларусі Бог жыве!», падае сайт katolik-gomel.by.

Госця з Ватыкану маладыя каталікі віталі ў шляхецкіх строях ды традыцыйных беларускіх уборах з вышываным арнаментам.

[vc_single_image image=”8″ img_size=”large”]

На Імшы з удзелам дзяцей П’етра Паралін пажадаў: «Няхай Бог будзе іх моцай, а яны самі няхай ажыўляюць Касцёл і ствараюць народ, які складаецца са свабодных, сумленных, адданых справе і поўных энтузіязму людзей».

Дзяржаўны сакратар Папы Францішка выказаў гатоўнасць з боку Апостальскай Сталіцы дапамагаць Беларусі ў збліжэнні з Захадам. «З нашага боку ёсць гатоўнасць дапамагаць гэтай краіне», – сказаў кардынал 14 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў межах афіцыйнага візіту.

[vc_single_image image=”10″ img_size=”large”]

Прадстаўнік Папы Рымскага адзначыў, што Ватыкан гатовы прыняць з візітам кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку. У сваю чаргу пра візіт у Беларусь кіраўніка каталіцкага Касцёлу згадвала вышэйшае кіраўніцтва нашай краіны, з якім спаткаўся прадстаўнік Папы Францішка.

Чытайце яшчэ >>> Каталіцтва з беларускім каларытам – вернікі і святары ў вышыванках

Максім Ярашэвіч, belsat.eu, паводле catholic.by, katolik-gomel.by

Стужка навінаў