Вярнулася з радзільні з каронавірусам. Як гэта – быць цяжарнай падчас пандэміі


Нарадзіць падчас пандэміі – вымагае трываласці ды асцярожнасці. Як захаваць бяспеку ў шпіталях, Belsat.eu даведаўся ад жанчын, якіх пандэмія заспела цяжарнымі. У адным з выпадкаў парадзіха заразілася.

Не лечаць, але кантралююць

Кацярына нараджала ў 6-ым менскім радзільным доме. Думала, што цалкам засцераглася ад небяспекі і памылялася: яе заразілі каронавірусам у шпіталі, калі рабілі аперацыю.

Ужо пасля выпіскі ў Кацярыны паднялася тэмпература і знік нюх – гэта найбольш распаўсюджаныя сімптомы каронавіруснай інфекцыі. Аднак тады ёй сказалі, што гэта з-за груднога выкормлівання.

Кацярына нарадзіла ў 6-ым менскім радзільным доме. Выпісалася з каронавірусам.
Фота: «Белсат».

На дзясяты дзень жанчыне патэлефанавала санстанцыя, каб паведаміць, што яна – кантакт першага ўзроўню – каронавірус знайшлі ў мазку медсястры з радзільнага аддзялення. Праз паўтары дні пасля гэтай навіны тэсты зрабілі ўсёй сям’і. Вынікаў давялося чакаць яшчэ некалькі дзён. У немаўляці і мужа яны аказаліся адмоўнымі, але ейны – станоўчы.

«Гэта быў нервовы зрыў… Мы не былі гатовыя да такога. У мяне маленькае дзіцятка на руках… Месца, дзе чалавек з’яўляецца на свет, павінна быць вельмі стэрыльным ды ізаляваным. А тут высветлілася, што мы толькі нарадзіліся, і ўжо адразу захварэлі», – эмацыйна распавядае Кацярына.

Зараз Кацярына разам з дзіцём знаходзіцца на самаізаляцыі. Аніякага адмысловага лячэння ім не прапісалі.

«Затое мы на кантролі ў нашых праваахоўных органаў. І я, і маё дзіця мусім сядзець удома, нам штодзень тэлефануюць, правяраюць. Немаўля кантралююць больш за мяне», – іранізуе маладая матуля.

Hавiны
У Беларусі на каронавірус захварэлі 500 міліцыянтаў. Некалькі чалавек – на вентыляцыі лёгкіх
2020.05.05 12:05

Кацярына пачуваецца добра, але ў думках здараліся розныя сцэнары. Перажыць няпросты выклік ёй вельмі дапамагае падтрыманне мужа і мацярынскі досвед. Але страх за здароўе малыша застаецца, як і звязаныя з ім пачуцці.

«Ён не гаворыць і не скажа, што яму баліць… Мы вельмі ўдзячныя дзіцячай паліклініцы. Адтуль прыязджаюць па першым патрабаванні і глядзяць дзіця. Мы выздаравеем, куды мы падзенемся! Нам трэба расці».

Кацярына захавала грудное кармленне, але з пацалункамі і пяшчотай даводзіцца ўстрымлівацца. Як толькі скончыцца перыяд самаізаляцыі, сям’я мае намер звярнуцца ў суд. Кацярына мяркуе, што праблема не ў дактарах, але ў самой сістэме. Паводле яе, у вярхоў няма асэнсавання таго, што адбываецца ўнізе. Пазоў будзе перадусім супраць Мінздароўя.

Люстэркавы прыклад ў Бараўлянах

Цяжарная пад час эпідэміі: «У радзільне дбаюць пра здароўе». Фота суразмоўцы

Жыхарка пасёлку Бараўляны, што пад Менскам, Вікторыя дзень пры дні чакае на сваё першае дзіця. Апошнія месяцы ейнай цяжарнасці прыпалі на пандэмію. Яна пільна дбае пра здароўе, таму ўжо ад сакавіка разам з мужам схавалася ў самаізаляцыі. Выходзілі з дому толькі ў паліклініку, адмовіліся ад сустрэчаў з блізкімі. Рэчы для будучага малыша куплялі праз інтэрнэт.

Вікторыя заўважыла, што пандэмія паўплывала на медычнае абслугоўванне. У раённай паліклініцы ў Бараўлянах, дзе яна стаіць на ўліку, паставілі антысептыкі, а для людзей з тэмпературай зрабілі асобны ўваход. Дактары прымаюць пацыентаў у масках, пальчатках і касцюмах.

«Але сацыяльнай дыстанцыі ніхто не прытрымліваецца: у жаночай кансультацыі кабеты сядзяць у чарзе побач. Ёсць і такія, якія чхаюць ды кашляюць», – кажа яна.

Платная палата Вікторыі ў радзільні пад час эпідэміі. Фота суразмоўцы

Тых, у каго цяжарнасць працякала без праблемаў, дзе магчыма – кансультавалі праз тэлефон. Некаторыя планавыя абследаванні і кансультацыі дазволілі рабіць радзей, але каб зрабіць ультрагук і здаць аналізы – трэба наведаць паліклініку ў звычайным рэжыме.

«Аднак некаторыя дактары ішлі насустрач. У мяне была сітуацыя з часовым шпіталізваннем. То пасля выпіскі я сваёй доктарцы дасылала вынікі даследаванняў праз «Viber», і яна пісала парады», – распавядае жанчына.

На апошнім месяцы цяжарнасці ў Вікторыі было падазрэнне на COVID-19. Іх з мужам наведалі сваякі з Нямеччыны, а пасля ў жанчыны паднялася тэмпература. На планаваным абследаванні ў паліклініцы ёй сказалі зрабіць тэст на каронавірусную інфекцыю. Вынік тэсту праз два дні аказаўся адмоўны, але недавер застаўся.

«Хоць тэст не паказаў каронавіруса, мне сказалі, што не пакладуць у радзільны дом паводле графіку, калі не адсяджу 14 дзён у самаізаляцыі. Прышлося штодзень хадзіць у паліклініку на кропельніцы, якіх тады патрабавала, а рэшту лекаў брала сама ў хаце», – распавядае Вікторыя.

Вікторыю баяліся класці ў радзільню праз падазрэнне ў каронавіруснай інфекцыі. Фота суразмоўцы

Досвед Вікторыі паказаў, што пра бяспеку ў радзільні дбаюць пільна. Яна прабілася ў аддзяленне толькі з дугой спробы – у платную палату. Установа абсталяваная антысептыкамі, у палатах заклееныя вентыляцыйныя выхады, каб выключыць магчымасць распаўсюду віруса гэтым шляхам. Наведнікаў няма. Перадачы ад іх прыносіць персанал.

«Калі ў адной жанчыны паднялася тэмпература, то яе адразу ізалявалі ад астатніх. Тут дбаюць пра здароўе», – распавядае Вікторыя.

Заклікалі не хадзіць у паліклініку

Апошні месяц цяжарнасці мянчанкі Ірыны прыпаў на пачатак эпідэміі каронавірусу ў Беларусі. Яна адзначае, што тады ўвялі некаторыя змяненні: на ўваходзе ў жаночую кансультацыю было напісана, што прыём без маскі не вядзецца, паўсюль паставілі антысептыкі.

Мянчанка Ірына на першых месяцах цяжарнасці. Фота суразмоўцы.

Таксама праз эпідэмію некаторыя даследаванні і планавыя прыёмы дазволілі рабіць радзей. Параілі як мага радзей наведваць паліклініку, калі няма нараканняў. Такі падыход Ірыне спадабаўся.

«Я лічу, калі ўсё добра, навошта так часта хадзіць? – зазначае яна. – У сакавіку і без таго пік захворванняў ВРВІ. Навошта лішні раз хадзіць у паліклініку і падвяргаць сябе небяспецы?»

Аднак дактары не давалі Ірыне парадаў ці інструкцыяў, як мусіць берагчыся цяжарная падчас пандэміі. Толькі пасля выпісу з радзільнага дому ёй далі інструкцыю пра COVID-19.

Але жанчына сама паклапацілася пра здароўе. На самаізаляцыю сям’я перайшла ў апошнія два тыдні цяжарнасці.

«Мужа тады перавялі на працу з дому. Я пачала больш актыўна ўзмацняць імунітэт, мыць рукі, гуляць на свежым паветры. Часцей рабілі вільготную прыборку».

У выпадку Ірыны ніякіх затрымак з тэрмінамі планавых працэдур не было. Роды таксама прайшлі як звычайна. Адзінае, напрыканцы сакавіка медперсанал ужо абмяркоўваў, што ад красавіка радзільны дом могуць перапрафіляваць пад аддзяленне для хворых на каронавірус. Аднак гэтага не адбылося. Ірына нарадзіла 2 красавіка ў тым жа аддзяленні.

Ксенія Тарасевіч Belsat.eu

Стужка навінаў