Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу на нерэгістрацыю Віктара Бабарыкі


Вярхоўны суд адмовіў адвакату Максіму Знаку ў распачынанні грамадзянскай справы з нагоды нерэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Віктара Бабарыкі. У судзе спаслаліся на тое, што скаргу мусіў падпісаць асабіста Віктар Бабарыка.

Як заявілі sputnik.by у Вярхоўным судзе, суддзя Валянцін Кулік 16 ліпеня, «разгледзеўшы пададзеную і падпісаную ад імя Бабарыкі Віктара Дзмітрыевіча яго прадстаўніком Знакам Максімам Аляксандравічам скаргу на пастанову ЦВК, прыняў рашэнне адмовіць у распачынанні грамадзянскай справы».

Прэс-сакратарка Вярхоўнага суду Юлія Ляскова ў каментары sb.by патлумачыла, што рашэнне ЦВК можна абскардзіць у трохдзённы тэрмін, але зрабіць мае права толькі сама асоба, якая вылучаецца ў прэзідэнты.

«У Вярхоўны суд у інтарэсах Віктара Бабарыкі звярнуўся адвакат Максім Знак. Аднак скарга, падпісаная самім Віктарам Бабарыкам, на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у Вярхоўны суд не паступала. Роўна як не паступала аналагічнай скаргі ад Валерыя Цапкалы», – заявіла яна.

Нагадаем, 14 ліпеня ЦВК адмовіўся рэгістраваць у якасці кандыдатаў на прэзідэнта Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў