Вітаўт і войска пад Пагоняй б'юцца з тэўтонамі на новай фрэсцы ў праваслаўнай школе ў Горадні


Рыцары Вялікага Княства Літоўскага, у складзе якіх бʼецца святы князь Фёдар Астрожскі, перамагаюць ворага пад Грунвальдам – гэта сюжэт новай выявы ў праваслаўнай нядзельнай школцы ў Горадні.

Пра гэта паведаміў у сацыяльных сетках настаяцель Пакроўскага кафедральнага праваслаўнага сабору ў Горадні Георгій Рой.

«У адным з класаў будынку нашай нядзельнай школы зʼявілася фрэска – ікона св. князя Фёдара Астрожскага на Грунвальдскай бітве. Мастак – А. Рыбін. Прататып фрэскі знаходзіцца ў Пакрова-Мікольскім храме г. Клайпеда», – дадаў святар.

На фота бачная вялікая фрэска, у цэнтры каторай шасціканцовы крыж святой Еўфрасінні Полацкай. Князь Фёдар адзначаны побач з Вітаўтам німбам вакол галавы. У правай частцы фрэскі бачна, як тэўтонскія рыцары выклікаюць караля Ягайлу на бой, даючы яму два мячы.

Над галовамі войска ВКЛ і Польшчы сцягі з Пагоняй, святым арханёлам Міхалам, Калюмнамі і Белым арлом.

Князь Фёдар Астрожскі дапамагаў суперніку вялікага князя Вітаўта Свідрыгайлу падчас вайны за ўладу ў Вялікім княстве, але потым ваяваў у складзе войск Вітаўта пад Грунвальдам. Прыхільнік праваслаўя потым ваяваў і з палякамі, і з татарамі, абараняючы паўднёвыя землі ВКЛ.

Аднак затым князь прымае манаскія зарокі і прысвячае сябе толькі службе Богу. У 2002 годзе рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы прападобны Фёдар, князь Астрожскі, далучаны да Сабора Беларускіх святых.

Аляксандр Гелагаеў

Стужка навінаў