«Вайна ёсць вайна, а на вайне ёсць ахвяры». Як адзначылі Радаўніцу ў Стоўбцах


Гарадскія могілкі № 3 у Стоўбцах. Ірына Арахоўская / «Белсат»

28 красавіка, праваслаўныя беларусы адзначылі Радаўніцу. Мы адправіліся на гарадскія могілкі № 3 у Стоўбцы, з якіх усё яшчэ прыходзяць трывожныя навіны, але афіцыйнай статыстыкі ні па колькасці выяўленых выпадкаў каронавіруса, ні па смяротнасці ад яго, дагэтуль няма.

У 12 раніцы на гарадскіх могілках № 3 ціха, машыны пад’язджаюць, людзі выходзяць у масках, кладуць кветкі і хутка вяртаюцца назад, не затрымліваючыся каля магіл.

Сёння тут пахавалі Ганну С., якая памерла 24 красавіка. Ганна працавала медсястрой у Менску, у гарадскім клінічным скурна-венералагічным дыспансеры, а жыла ў Стоўбцах.

Магіла ў Стоўбцах, дзе пахаваная Ганна С., медсястра Менскага гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансеру.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Кожны раз пасля змены бралі ў яе мазок, вось так і выявілі дыягназ», – распавядае муж Ганны, Уладзімір С. «Яна была ў ліку тых медработнікаў, якія працавалі з першымі кантактамі».

9 красавіка, па словах Уладзіміра, Ганна трапіла ў рэанімацыю 4-ой гарадской клінічнай больніцы.

«Трошкі я пакрыўджаны, вядома. Трэба было яе раней у рэанімацыю класці, але нічога ўжо не вернеш. Прычына смерці: каронокардыясклероз, спадарожныя: каронавірус. COVID-19 у яе пацверджаны, але афіцыйна памерла ад слабога здароўя. Але ж ёй споўнілася бы 62 гады ў траўні, у каго ў такім узросце моцнае здароўе?», – задаецца пытаннем Уладзімір.

Сваякі Ганны С., медсястры Менскага гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансеру.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

На пахаванні Ганны С. – толькі чатыры чалавекі, самыя блізкія. Акрамя мужа, дачка з мужам і свякроў. Сын Ганны і Уладзіміра на пахаванне маці прыехаць не змог, ён шпіталізаваны ў больніцу Стоўбцаў, дзе 3 дні таму яму таксама пацвердзілі каронавірус. Узялі аналізы і ў іншых чальцоў сямʼі, але, па словах Уладзіміра, яны адмоўныя.

Ганну пахавалі ў закрытай труне.

«Вайна ёсць вайна, а на вайне ёсць ахвяры», – заканчвае размову з намі Уладзімір С. «Вы яе партрэт сфатаграфуйце, можа, знаёмыя ўбачаць і даведаюцца, што яе ўжо няма».

Магіла ў Стоўбцах, дзе пахаваная Ганна С., медсястра Менскага гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансеру.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Праз гадзіну пасля заканчэння пахавання на магіле Ганны сустракаем жанчыну, якая прадстаўляецца Таццянай Іванаўнай, даўняй знаёмай Ганны.

«Я яе па партрэце пазнала, ведала шмат гадоў яе, яна жыла ў вёсцы Залужжа. Такая добрая жанчына была, яна як птушка лётала, усім гатовая была дапамагчы«, – кажа Таццяна Іванаўна.

Таццяна Іванаўна, даўняя знаёмая Ганны С.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Стаўбцоўскія могілкі падзеленыя на дзве часткі: справа хаваюць праваслаўных, злева – каталікоў. Большасць свежых магіл размешчаны каля галоўнага ўваходу, але трапляюцца і свежыя пахаванні побач са старымі магіламі. Лічым усе пахавання за сакавік і красавік. Атрымліваецца 30 магіл.

Гарадскія могілкі № 3 у Стоўбцах.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Святар Георгій з Кафедральнага сабора Стоўбцаў кажа, што самым цяжкім тыднем за гэтыя месяцы, быў мінулы – Велікодны.

Святар Георгій.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Шмат пахаванняў было за тыдзень, але ў закрытых трунах адпявалі 6 чалавек. Сваякі казалі, што ў памерлых быў каронавірус. 6 чалавек за тыдзень не так шмат, як кажуць і пішуць у некаторых крыніцах. Думаю, падставы для панікі няма, але трэба сябе паберагчы».

Аб тым, што падставы для панікі няма, кажуць і супрацоўнікі рытуальнай службы, якія пажадалі застацца ананімнымі.

«Не заўважылі, што стала больш пахаванняў, у мінулым годзе ў гэты час столькі ж хавалі. З мінулага панядзелка мы пахавалі другога з пацверджаным дыягназам, але ў Стоўбцах жа не адна рытуальная кантора».

Магіла ў Стоўбцах, дзе пахаваная Ганна С., медсястра Менскага гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансеру.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Людзей на могілках да абеду становіцца трохі больш. Але каля свежых магіл толькі жанчына – Ніна Некрашэвіч. 30 сакавіка ў яе памёр муж Анатоль. Мужчыну было 68 гадоў.

Ніна Некрашэвіч каля магілы мужа Анатоля.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Я не ведаю, які дыягназ, там жа лічбы напісаныя ў тых паперах, што мне на рукі далі, а лекары мне не сказалі, я нават не ведаю, ці бралі ў яго аналізы на каронавірус», – дзеліцца гісторыяй Ніна.

«Яму 27 лютага зрабілі аперацыю і выпісалі хутка, сказалі, што каронавірус у шпіталі. А праз месяц ён пайшоў здымаць швы ў больніцу і пасля гэтага пачаў кашляць моцна, і тэмпература падымалася: то 37, 1, то 37,8. А мы думалі, што яму так дрэнна з-за пульса: 105 быў пульс».

Анатолю Некрашэвічу толькі 30 сакавіка зрабілі здымак, які пацвердзіў наяўнасць пнеўманіі. З рэнтген-кабінета мужчыну павезлі ўжо на вазку, ён не мог ісці і самастойна апранацца.

«У рэанімацыю паклалі 30 сакавіка ўвечары. Ён слабы быў такі, а я думаю: добра, што пад назіранне лекараў лёг, сачыць будуць. А раніцай, у 5 раніцы, тэлефануюць і кажуць: мы ўсю ноч змагаліся, але ваш муж памёр, згарэла лёгкае, а ад чаго ён на самай справе памёр, я так і не ведаю», – плача Ніна.

Ніна Некрашэвіч.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Асноўная прэтэнзія, з якой людзі пішуць – недахоп інфармацыі», – распавядае Андрэй Буката, адміністратар мясцовай інтэрнэт-супольнасці.

Андрэй Буката, адміністратар мясцовага інтэрнэт-супольнасці.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

«У недзяржаўных СМІ пішуць, што ў Стоўбцах зусім усе дрэнна, у дзяржаўных, што сітуацыя пад кантролем. Учора выйшаў артыкул у нашай мясцовай газеце, дык там наагул няма інфармацыі пра колькасць захварэлых каронавірусам».

Андрэй кажа, што ў яго ёсць надзейныя крыніцы сярод медыкаў, таму рэальныя лічбы ён ведае. Праўда, дзяліцца інфармацыяй аб крыніцах не згаджаецца.

Гарадскія могілкі № 3 у Стоўбцах.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Апошняя дакладная інфармацыя была ў мяне ў пачатку мінулага тыдня. 77 чалавек у Стоўбцах з пацверджаным дыягназам, сёння ўжо напэўна пад 100 будзе. Дрэнна, што інфармацыю хаваюць, таму што людзі сапраўды не разумеюць усёй небяспекі, чуткі нараджаюцца розныя з-за гэтага. Вось з апошняга: кажуць, што ў дзіцячых лагерах каля Стоўбцаў пачалі змяшчаць хворых каронавірусам. Я сёння спецыяльна сеў на машыну і абʼехаў гэтыя лагеры. У «Церамку» быў, у «Нёмане», у «Чайцы». Няма там нікога, пустата».

Падчас размовы з Андрэем Буката да нас падыходзіць жанчына ў чорнай павязцы, прадстаўляецца Ірынай. Яна не так даўно пахавала маці, кажа, ад анкалогіі.

Ірына.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Вы ведаеце, у нас такое дрэннае стаўленне ў больніцы да гэтых хворых. Мой сусед памёр на днях, Алег Бець. Ён з тэмпературай 39,6 тры гадзіны сядзеў у прыёмным пакоі, а потым яго дадому адправілі, сказалі, што бранхіт. Гэта ў нядзелю было, а ў аўторак ён ужо ў рэанімацыю трапіў».

Ірына кажа, што шмат у чым такое стаўленне да пацыентаў вызначае галоўны лекар Стаўбцоўскай больніцы. Пачуўшы імя галоўнага лекара, у размову ўключаецца некалькі жанчын, пацвярджае агучаную інфармацыю і Андрэй Буката.

«У нас проста ў больніцы мала сапраўдных спецыялістаў засталося. Галоўны лекар звальняе добрых спецыялістаў, якія ёй могуць слова насуперак сказаць. Вось добрыя лекары былі Яхнавец, Цімафеева – загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення, яе знялі, паставілі незразумела каго. Колькі ў нас гінеколагаў добрых было, усе звольніліся. Неўрапатолаг была, таксама сышла. Каму лячыць гэтых людзей?»

Гарадскія могілкі № 3 у Стоўбцах.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Алена Дубовік, фота Ірына Арахоўская belsat.eu

Стужка навінаў