Ва Украіне ўводзяць адаптыўны каранцін. Што гэта значыць?


Кабінет міністраў Украіны прыняў рашэнне аб увядзенні адаптыўнага каранціну з 22 траўня па 22 чэрвеня, перадае УНІАН.

Адпаведнае рашэнне было прынята сёння на пасяджэнні ўраду.

«Што змяняецца? Мы ўводзім пэўныя прыкметы эпідэмічнай сітуацыі ў рэгіёнах. А менавіта: інцэдэнтнасць – гэта сярэдняя колькасць выпадкаў COVID-19 за апошнія 7 дзён на 100 тысяч насельніцтва, якая павінна складаць менш за 12 чалавек на 100 тысяч насельніцтва. Загружанасць ложкаў ва ўстановах аховы здароўя, вызначаных для шпіталізацыі пацыентаў з пацверджаным COVID-19, павінна складаць менш за 50%», – адзначыў міністр аховы здароўя Украіны Максім Сцяпанаў.

Акрамя таго, колькасць тэставанняў на каронавірус павінна складаць больш за 12 на 100 тысяч насельніцтва на працягу апошніх 7 дзён.

Паводле міністра, паслабленне супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў прымяняецца і спыняецца на тэрыторыі рэгіёну на падставе рашэння рэгіянальнай камісіі.

«У нас уводзіцца пяць этапаў. Зараз мы знаходзімся на першым этапе. З 22 траўня мы прапануем увесці другі этап, і так кожны этап – гэта 10 дзён», – дадаў Сцяпанаў.

Урад увёў ва Украіне каранцін з 12 сакавіка па 3 красавіка. Пазней ён быў падоўжаны да 24 красавіка, а затым – да 11 траўня. З 11 траўня ў краіне пачалі паступовае змякчэнне каранцінных захадаў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў