Ва Украіне масла з сальманелай прадавалі пад выглядам беларускага


Зламыснікі прадавалі малочную прадукцыю пад выглядам беларускіх гандлёвых марак / фота ГУНП у Чарнавіцкай вобласці

Украінская паліцыя раскрыла маштабную сетку продажу на рынку ў Чарнаўцах кантрафактных малака, сыра і масла з этыкеткамі беларускіх вытворцаў. Падчас праверкі ў харчах знайшлі сальманелу і кішачную палачку.

Дапамогу ў продажы псеўдабеларускіх малочных харчоў на кірмашы ў Чарнаўцах злачынцам аказваў адзін з мясцовых чыноўнікаў, распавялі агенцтву «УНІАН» у Галоўным упраўленні паліцыі Чарнавіцкай вобласці.

Паводле звестак паліцыі, злачынная група зарганізавала прадукцыю няякаснага сыру і масла на прыватным малочным заводзе па-за межамі Чарнаўцоўскай вобласці.

«Пасля транспарту ў Чарнаўцы няякасную прадукцыю фасавалі ўва ўпакоўку гандлёвых марак Рэспублікі Беларусь. Продаж падробленых тавараў ажыццяўляўся праз індывідуальных прадпрымальнікаў на адным з Чарнавіцкіх рынкаў», – паведамілі ў паліцыі.

Штомесяц злачынцы прадавалі 60 тонаў псеўдабеларускіх малочных харчоў на суму каля $ 345 000.

Падчас вобшуку на заводах і на складах паліцыянты канфіскавалі каля сямі тонаў сыру, чатыры тоны сметанковага масла, больш за 600 кг спрэдаў, а таксама этыкеткі і ўпаковачныя матэрыялы беларускіх гандлёвых марак.

Паліцыянты канфіскавалі кантрафактнай псеўдабеларускай прадукцыі на $ 86 000. Фота – ГУНП у Чарнавіцкай вобласці

Падчас праверкі эксперты Чарнавіцкага абласнога навукова-вытворчага цэнтру стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі выявілі, што падробленая прадукцыя не адпавядае патрабаванням дзяржаўных стандартаў Украіны і ўтрымлівае сальманелу і кішачную палачку.

«Ужыванне гэткіх харчоў уяўляе непасрэдную пагрозу для здароўя і жыцця чалавека», – дадала паліцыя.

Паліцыя распачала крымінальную справу паводле артыкулаў аб махлярстве і атрыманні чыноўнікам выгады.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў