«Усё добраахвотна. Прымушаць распараджэння няма». Настаўнікі здаюць па 5 рублёў на рамонт шпіталю ў Кобрыне


Чытачы «Белсату» падзяліліся паведамленнем, што з настаўнікаў школ Кобрына і Кобрынскага раёну пачалі збіраць грошы для мясцовай больніцы. Інфармацыю пацвердзілі ў Кобрынскім райвыканкаме.

Сёння стала вядома, што з настаўнікаў школ Кобрына і Кобрынскага раёну пачалі збіраць грошы для раённага шпіталю. Гавораць, што прапануюць здаваць сродкі добраахвотна, але не меней за 5 рублёў. А кіраўніцтва забараняе абмяркоўваць у калектыве, калі нехта адмовіўся.

Вось якія звесткі пра гэта даслаў наш чытач: «Інфармацыя пра збор наяўных грошай ва ўстановах адукацыі Кобрына – праўда. Мама там працуе і сказала, што збіралі наяўнымі ды сёння аднеслі грошы ў Кобрынскі выканкам. Збіралі ў іх па 2 рублі, нібыта на дапамогу медыкам. Як заўсёды, добраахвотна-прымусова».

Таксама ў сеціве з’явіўся здымак, на якім збор сродкаў ажыццяўляецца праз скрыню.

Збор сродкаў для шпіталя ў Кобрыне. Фота ад чытачоў «Белсату»

Сітуацыю са зборам грошай патлумачыў Іван Карабко, начальнік аддзелу адукацыі Кобрынскага райвыканкаму:

«Так, мы зарганізавалі такую ініцыятыву, але выключна на жаданне. Калі няма жадання, то гэтага можна не рабіць. Усё на добраахвотнай аснове.

У школах асабіста я запрапанаваў кіраўнікам пагутарыць з калектывам. Калі ёсць жаданне надаць такую дапамогу раённай больніцы для барацьбы з COVID-19, то па ведамасці можна ўсё здаць. У нас ёсць дабрачынны рахунак «Кобрынская ЦРБ», куды потым паступяць грошы. Калі хтосьці супраць і не хоча гэтага рабіць, прымушаць распараджэння няма. Увесь збор сродкаў я прасіў ажыццяўляць выключна пад ведамасць, ніякіх скрыняў не павінна стаяць. Калі ёсць канкрэтная інфармацыя, дзе ёсць такія скрыні, паведаміце, будзем разбірацца».

Іван Карабко, начальнік аддзелу адукацыі Кобрынскага райвыканкаму.
Фота: kobrincity.by

Начальнік аддзелу адукацыі Кобрынскага райвыканкаму дадаў, што сёння ў Кобрыне работнікі РУУС і іншыя арганізацыі пералічылі шпіталю грошы на неабходныя сродкі, у тым ліку абсталяванне.

Галоўны лекар Кобрынскай ЦРБ адказаў «Белсату», што не валодае інфармацыяй па зборы сродкаў у школах і не мае звестак аб тым, ад каго на рахунак больніцы паступаюць грошы.

АД belsat.eu

Стужка навінаў