Урокі 2018-га: два – Лукашэнку, тры – беларусам


Паводле вядомага эфекту матылька, нязначная змена ў адным месцы прыводзіць да непрадказальных наступстваў у іншым. Пра тры найважнейшыя падзеі ў глабальнай вёсцы ў 2018-ым, якія змянялі наш двор.

На гэтым тыдні завершылася ваеннае становішча, абвешчанае ў дзесяці ўкраінскіх вобласцях пасля захопу Расеяй украінскіх маракоў у Чорным моры. Падзеі адбываліся больш за месяц таму больш як за тысячу кіламетраў ад беларускіх межаў і, падаецца, нас ніяк не датычылі. Але здарэнне паглыбіла канфлікт паміж Расеяй і Захадам, а значыць, уплывае на нас.

«Беларусь жа хоча граць ролю пасярэдніка паміж Захадам і Расеяй, але, на жаль, ні Расея, ні Захад не ўспрымаюць Беларусь як паўнавартаснага пасярэдніка. Для Захаду мы вайскова-палітычны партнёр Расеі, а Масква не ўспрымае нас усур’ёз», – кажа Андрэй Елісееў, дырэктар даследаванняў «East Center».

Гэтаксама сур’ёзна Расея доўгі час не ўспрымала патрэбы Украіны ў аўтакефальнай царкве. Гэтае пытанне Маскоўскі патрыярхат не развязваў ніяк, але пасля таго як за справу ўзяўся Канстанцінопаль, Трэці Рым пасварыўся з Другім. Атрыманне Томасу ўвойдзе ў падручнікі разам з імем Пятра Парашэнкі: гэты свецкі паспрыяў дамове царкоўнікаў найбольш і ён першы аб’явіў свайму народу выніку аперацыі – не столькі рэлігійнай, колькі палітычнай. Падчас абвешчання імя кіраўніка новай царквы не перахрысціўся ні Парашэнка, ні мітрапаліт Епіфаній. Замест малітваў са сцэны спявалі дзяржаўны гімн.

«Так, гэта палітычнае дзеянне, – згодны Андрэй Калеснікаў, кіраўнік праграмы «Расейская ўнутраная палітыка і палітычныя інстытуты» Маскоўскага цэнтру Карнегі. – Так, гэта звязана з тым, што РПЦ – частка палітычнай машыны Расеі. Украіна, працягваючы гібрыдную вайну з Расеяй, і Расея, працягваючы гібрыдную вайну з Украінаю, вымушаныя лічыцца з тым, што калі цэрквы – элементы палітычнага механізму, то яны будуць выкарыстаныя ў гэтай самай палітычнай вайне».

Аўтакефалія ў нашых паўднёвых суседзяў не прынясе бліжэйшымі гадамі такіх зменаў у Беларусі, але ў доўгатэрміновай перспектыве заўсёды будзе прыкладам і натхненнем не толькі для народу, але і рэжыму: у сённяшняй Беларусі царква – адзіны інстытут, які наўпрост падпарадкаваны ўладам зусім іншай дзяржавы.

«Аляксандр Лукашэнка вымушаны скрозь зубы трываць цяперашнюю сітуацыю і, магчыма, дзесьці ў глыбіні душы ён быў бы не супраць стварыць беларускую аўтакефалію, але ён разумее, што на гэты момант негатыўныя наступствы ад гэтага – і для яго асабіста – безумоўна пераважаць патэнцыйныя пазітыўныя», – зазначае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Найбольш беспасярэдне паўплывала на нашую краіну армянская аксамітная рэвалюцыя, у выніку якой да ўлады прыйшоў Нікол Пашыньян. Пасля гэтага Лукашэнка адмовіўся ад сваёй ідэі правесці рэферэндум, заўважае Андрэй Елісееў: «Прычым у пытаннях, якія не былі дакладна вядомыя грамадскасці. Хутчэй за ўсё планавалася, што прэзідэнта б абіраў не народ, а парламент».

Армянскія падзеі паказалі Лукашэнку, што нават падкантрольны парламент не ёсць гарантыяй захавання ўлады, калі на вуліцу выходзіць народ. Здушыць любое паўстанне ў самым зародку і расправіцца з любым патэнцыйным канкурэнтам – вось два асноўныя ўрокі армянскай рэвалюцыі для Аляксандра Лукашэнкі.

«Лідары постсавецкіх краінаў маглі зрабіць толькі адну выснову з армянскай рэвалюцыі: трэба быць жорсткімі. Больш жорсткімі, чымся гэта магчыма», – мяркуе Андрэй Калеснікаў.

«Рэйтынг апазіцыйнага кандыдата можа расці надзвычай хутка, калі ўлады не зрабілі прынцыповых і радыкальных захадаў, каб здушыць гэта на ранніх этапах. Які быў рэйтынг Пашыньяна на пачатку пратэставай актыўнасці? Вельмі невялікі. Вельмі шмат армянаў не верылі Пашыньяну і лічылі яго падстаўною асобаю. У выніку мы бачым, якое падтрыманне ён займеў. Гэта вельмі добры ўрок для Лукашэнкі», – дадае Андрэй Елісееў.

Армянская рэвалюцыя дала, аднак, урокі і беларусам – ажно тры.

«Немагчыма бясконца лезці ў кішэні людзям і іх абкрадаць. Прыйдзе дзень – і гэта калі-небудзь скончыцца. Другое – адзін у полі воін. Трэцяе – рэвалюцыяй нічога не заканчваецца, рэвалюцыяй усё толькі пачынаецца», – пералічвае ерэванскі палітолаг Рубэн Мэграб’ян.

Тое, што адбылося ў Арменіі ўвесну, цяжка ўявіць у Беларусі, але для нас найбольш карысны паслярэвалюцыйны, рэфарматарскі досвед Ерэвану.

«У доўгатэрміновай перспектыве армянскі прыклад можа быць цікавы, бо армянскія эліты ў любым выпадку будуць шукаць нейкія магчымасці будаваць свае сувязі з Захадам, і будзе цікава глядзець на тое, як гэта магчыма, якія ёсць тут пэўныя абмежаванні, наколькі можна далёка зайсці ў гэтым», – адзначае кіраўнік Цэнтру новых ідэяў Рыгор Астапеня.

2018 год стаўся адным з найцікавейшых пасля 2014-га: з расейскай арбіты сышлі яшчэ некалькі фрагментаў. Якім чынам імперыя адкажа, гэта ўжо пытанне новага года. Аднак цяпер вельмі яскрава бачна, як дэзынтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы ўплываюць на Беларусь.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў