Уладзімір Зяленскі: «Надыдзе дзень, калі Крым вернецца ва Украіну»


З такімі словамі сёння, у дзень памяці генацыду крымскататарскага народу, прэзідэнт Украіны звярнуўся да суайчыннікаў у сваім Facebook.

З нагоды гэтай трагічнай даты сёння 18 траўня на будынках Офісу Прэзідэнта Украіны і Кабінета Міністраў размешчаная светлавая праекцыя ў знак салідарнасці з крымскататарскім народам.

Праекцыя ў знак памяці дэпартацыі крымскіх татар. Крыніца фота: facebook.com

«4-тая ранку… Грук у дзверы… 15 хвілін на зборы… З такіх слоў пачынаецца згадкі ўсіх, хто перажыў падзеі 18 траўня 1944 году, калі ў дом кожнай крымскататарскай сям’і пагрукала бяда. 76 гадоў таму пачалася прымусовая дэпартацыя карэннага народу ў Крымскай паўвыспы», – гаворыць Уладзімір Зяленскі ў сваім звароце.

Ён прыгадвае, што ахвярамі тых страшных падзей сталі тысячы людзей. Толькі праз 40 гадоў яны здолелі павярнуцца дадому. Але звяртае ўвагу, што ў 2014 годзе пасля анексіі Крыму шмат украінцаў ды крымскіх татар былі зноў змушаныя пакінуць сваю зямлю. А тых, хто застаўся, пакутуюць ад вязніц, вобшукаў і ціску.

«Гэтая дата нагадвае аб тым, што можна злачынна забраць у народа ягоную зямлю, але немагчыма адабраць у народу ягоны дух і волю. Мы верым, што абавязкова надыдзе дзень, калі Крым вернецца ва Украіну», – піша Зяленскі.

Дэпартацыя крымскіх татар была праведзеная 18-20 траўня 1944 году. У лістападзе 1989 году Вярхоўны Савет СССР прызнаў яе незаконнай і злачыннай.

Вярхоўная Рада Украіны ад 2015 года прызнала дэпартацыю крымскататарскага народу генацыдам і зрабіла 18 траўня днём памяці.

КТ Belsat.eu

Стужка навінаў