Уладзімір Пуцін выказаўся наконт наступнага прэзідэнцкага тэрміну


Уладзімір Пуцін паабяцаў не парушаць Канстытуцыю Расеі, якая забараняе займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны запар.

«Я заўсёды строга прытрымліваўся і прытрымліваюся Канстытуцыі Расейскай Федэрацыі. У Канстытуцыі ясна прапісана – не больш за два тэрміны запар. Цяпер у мяне другі тэрмін запар. Як вы памятаеце, я быў двойчы да гэтага прэзідэнтам, а потым пакінуў пасаду прэзідэнта, таму што Канстытуцыя не дазваляла абірацца ў трэці раз. Вось і ўсё. Я маю намер прытрымлівацца гэтага правіла і ў будучыні», – сказаў Пуцін на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме.

Уладзімір Пуцін быў прэзідэнтам Расеі два тэрміны ў 2000-2008 гадах, а затым на 4 гады заняў пасаду прэм’ер-міністра. У 2008 годзе Дзярждума прыняла папраўку да Канстытуцыі аб павелічэнні прэзідэнцкага тэрміну з 4 да 6 гадоў. У 2012 годзе Пуцін пайшоў на трэці, зараз ужо 6-гадовы, тэрмін, а ў 2018 годзе – на чацвёрты.

Такім чынам у 2024 годзе Пуцін па цяперашняй Канстытуцыі РФ не мае права балатавацца на новы тэрмін. Аднак у траўні 2018 года парламент Чачэніі ўнёс у Дзярждуму папраўку да Канстытуцыі, якая дазваляе аднаму чалавеку займаць пасаду прэзідэнта тры тэрміны запар.

ІІ, belsat.eu, паводле «Медуза»

Глядзі таксама
Каментары