Улады Літвы параілі не карыстацца прыкладаннем Yandex.Taxi


Літоўскі Нацыянальны цэнтр кібернетычнай бяспекі (НЦКБ) 30 ліеня заявіў, што рэкамендуе не карыстацца прыкладаннем Yandex.Taxi.

У паведамленні Мінабароны (у склад якога ўваходзіць цэнтр) балтыйскай краіны адзначаецца, што патрэбы прыкладання ў атрыманні інфармацыі мабільнага абсталявання «магчыма, ствараюць умовы для незаконнага збору асабістых дадзеных і назапашвання, а гэта выклікае занепакоенасць у сувязі з бяспекай».

«Цяпер НЦКБ праводзіць падрабязны аналіз бяспекі прыкладання Yandex.Taxi. Пакуль не будуць усталяваныя канкрэтныя факты бяспекі мабільнага прыкладання, НЦКБ рэкамендуе не ўсталёўваць яе», – гаворыцца ў паведамленні.

Пры гэтым дадаецца, што асабліва важна, каб прыкладанне не выкраыстоўвалі дзяржслужачыя і службовыя асобы, супрацоўнікі Міністэрства абароны.

У ведамстве падкрэсліваюць, што прыкладанне патрабуе доступ да вялікага аб’ёму канфідэнцыйнай інфармацыі і дазвол актываваць камеру або мікрафон, кіраваць доступам да бесправадной сеткі, а познія версіі праграмы могуць павялічваць колькасць патрабаванняў доступу да функцыяў.

У паведамленні таксама гаворыцца, што звесткі, сабраныя ў карыстальніка прылады, захоўваюцца на серверах арганізацыі, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Расеі.

Ва ўмовах карыстання таксама абмяркоўваецца магчымасць падаць дадзеныя дзяржарганізацыям, ведамствам рэгулявання, судам і іншым трэцім бакам. Згодна са справаздачай літоўскіх разведвальных ведамстваў, «у расейскіх спецслужбаў ёсць прававыя паўнамоцтвы і тэхнічныя магчымасці атрымаць доступ да звестак расейскіх і замежных грамадзянаў, якія выкарыстоўваюць расейскія электронныя платформы камунікацыі».

У ацэнцы пагрозаў гаворыцца, што «пагроза ўцечкі асабістых звестак да расейскіх службаў выведкі і бяспекі ўзнікае ў грамадзянаў Літвы, якія карыстаюцца расейскімі сацыяльнымі сеткамі, паслугамі электроннай пошты, напрыклад, Odnoklassniki, Mail.ru, Yandex і таму падобныя».

З мінулага чацвярга ў Вільні можна карыстацца прыкладаннем Yadnex.Taxi. Паслугі прадастаўляць 300 аўтаў, згодна са словамі прадстаўнікоў кампаніі Yandex.

Мэр літоўскай сталіцы Рэмігіюс Шымашус звярнуўся ў Дэпартамент дзяржбяспекі з просьбай паінфармаваць, ці не нясе пагрозаў дзейнасць прыкладання.

НМ, belsat.eu, паводле Delfi

Стужка навінаў