Украінскія журналісты выказалі салідарнасць з беларускімі калегамі


Нацыянальны звяз журналістаў Украіны ініцыяваў збор подпісаў украінскіх журналістаў у падтрыманне беларускіх калег, якія пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі зазнаюць пераслед з боку сілавых структураў.

Фота: ТК / Belsat.eu

«Штодня мы атрымліваем паведамленні пра затрыманні, збіванне, запужванне журналістаў, якія працуюць у Беларусі – як беларускіх, так і замежных. Але журналісты проста выконваюць сваю працу. Быць у цэнтры падзеяў, якія ўскалыхнулі суседнюю дзяржаву пасля абвяшчэння афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, – гэта прафесійны абавязак працаўніка медыяў.

І выкананне журналістамі сваіх абавязкаў – гэта не злачынства. Пераслед журналістаў за прафесійную дзейнасць – недапушчальны для любой цывілізаванай дзяржавы. Абмежаванне права журналіста на прафесію – гэта абмежаванне права грамадзянаў на інфармацыю, абмежаванне свабодаў, якія ёсць базавымі для любога дэмакратычнага грамадства», – піша на сваім сайце Нацыянальны звяз журналістаў Украіны.

Пасля мітынгу людзі прайшлі маршам па цэнтры гораду. У акцыі прынялі ўдзел каля 700 чалавек. Яны крычалі «Сыходзь!», »Малайчына БелАЗ«. Праязджаючы міма супрацоўнікаў ДАІ, якія перакрылі дарогу, натоўп крычаў: «Служыць і абараняць». Жодзіна, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: vot-tak.tv / Belsat.eu

Тэкст звароту:

«Журналісты – важныя», – заяўляем мы, украінскія журналісты. З уласнага горкага досведу мы ведаем, што такое збіванне, затрыманне і запужванне журналістаў, ціск на незалежныя СМІ, блакаванне распаўсюду праўдзівай інфармацыі, беспакаранасць за злачынствы супраць працаўнікоў медыяў. Разам з Нацыянальным звязам журналістаў Украіны мы выказваем салідарнасць з беларускімі калегамі ды з незалежнаю Беларускай асацыяцыяй журналістаў, якая дапамагае нашым калегам у гэтыя важныя дні.

Беларускія калегі, мы салідарныя з вамі! Мы падтрымліваем вас у вашай прафесійнай дзейнасці і заклікаем улады Беларусі спыніць пераслед журналістаў і забяспечыць ім права на прафесію.

Я падтрымліваю сваіх калег у Беларусі.

Цягам апошніх дзён пратэстаў у Беларусі дзясяткі журналістаў былі затрыманыя, збітыя, шмат хто з іх атрымаў содні адміністрацыйнага арышту.

МУС выступіў супраць затрымання журналістаў, аднак аніхто з іх на волю не выйшаў.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў