У ЗША атакавалі штаб-кватэру Агенцтва нацыянальнай бяспекі


Адзін чалавек быў забіты, яшчэ адзін цяжка паранены ў выніку перастрэлкі каля брамы штаб-кватэры Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША ў штаце Мэрылэнд.

Паводле заявы дырэктара АНБ па інфармацыйным забеспячэнні Джонатана Рыда, невядомыя на аўтамабілі спрабавалі пратараніць браму, адмовіўшыся падпарадкавацца інструкцыям дзяжурных афіцэраў.

Затым, па словах Рыда, машына ўрэзалася ў паліцэйскі аўтамабіль, які заблакаваў дарогу. Адзін са зламыснікаў загінуў на месцы, другі з траўмамі быў дастаўлены ў мясцовы шпіталь.

«Мы не лічым, што інцыдэнт мае якое-небудзь дачыненне да тэрарызму», – заявіла Бі-Бі-Сі прадстаўніца ФБР у Балтымары Эмі Торэсан.

Як распавёў агенцтву «Associated Press» неназваны чыноўнік, двое мужчынаў, якія знаходзіліся ў аўтамабілі, былі апранутыя як жанчыны.

Оўбама праінфармаваны

У заяве АНБ гаворыцца, што ў ходзе інцыдэнту раненні таксама атрымаў адзін паліцэйскі.

Штаб-кватэра Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША знаходзіцца ў 30 кіламетрах на паўночны ўсход ад Вашынгтону ў мястэчку Форт-Мід у штаце Мэрылэнд.

Усяго ў агароджаным і ахоўным кампусе Форт-Мід нясуць службу, працуюць і пражываюць каля 40 тысяч вайскоўцаў і цывільных чыноўнікаў, а таксама чальцы іх сем’яў.

Там жа размешчаныя Кібернетычнае камандаванне ЗША і Інфармацыйная школа Міністэрства абароны.

Прадстаўнікі Белага дому паведамілі, што прэзідэнт Барак Оўбама ўжо праінфармаваны пра інцыдэнт.

МЯ, паводле Бі-БІ-СІ

Стужка навінаў