У Яраслаўлі паказальна асудзілі «народнага мэра», які змагаўся з праўладнай партыяй


12,5 гадоў калоніі строгага рэжыму і больш за 600 тыс. долараў штрафу – такі суворы вырак атрымаў у расейскім Яраслаўлі былы мэр гораду Яўгеній Урлашоў. Ягоны дарадца Аляксей Лапацін атрымаў 7 гадоў калоніі. Суд палічыў Урлашова вінаватым у хабарніцтве. Сам былы мэр лічыць, што яго асудзілі за супрацьстаянне партыі ўлады «Единая Россия», і ўся крымінальная справа – палітычная замова.

«Я не здзяйсняў ніякіх злачынстваў, я палітычны вязень, мае палітычныя погляды не падабаліся маім апанентам, і ў XXI стагоддзі мае апаненты распраўляюцца са мной самым жорсткім чынам», – заявіў Яўгеній Урлашоў.

Яўгенія Урлашова арыштавалі 3 гады таму. Паводле следства, мэр разам з памочнікамі патрабаваў хабар ад дырэктара будаўнічай кампаніі Сяргея Шмялёва, асабіста звязанага з кіраўніком Галоўнага ўпраўлення барацьбы з карупцыяй Міністэрства ўнутраных справаў. Аднак антыкарупцыйнае ўпраўленне не ўзяла мэра з грашыма ў руках. Быў паказальны арышт прадпрымальніка Андрэя Захарава, які падпісаў прызнанне, што нёс грошы Яўгенію Урлашову, як пасярэднік. Падчас вобшукаў дома ў «народнага мэра» не знайшлі ні золата-брыльянтаў, ні валізаў з валютай.

«Уся доказавая база справы Урлашова была пабудаваная на паказаннях дэпутатаў-едінаросаў, якія і сцвярджалі, што Урлашоў патрабаваў ад іх дачы хабару, што яны пакінулі гэтыя 14 млн ва ўмоўленым месцы. Праслушка, наколькі пішуць медыі, сведчыла на карысць Урлашова», – кажа Маша Макарава з Асацыяцыі «За вольную Расею».

Арышт адбыўся літаральна праз тры дні пасля мітынгу ў цэнтры Яраслаўлю, на які Урлашоў змог сабраць сістэмную апазіцыю – камуністаў, справедліваросаў. Мітынг супраць «партыі жулікаў і злодзеяў» – «Единой России».

«Паглядзіце, як лёгка да іх прывязалася гэтае слова – »Партія жуліков і воров«. Яны захраслі ў карупцыі», – патлумачыў сваё супрацьстаянне з праўладнай партыяй Яўгеній Урлашоў.

Менавіта на антыпатыі да гэтай партыі Яўгеній Урлашоў і стаў мэрам, набраўшы на выбарах больш за 70 % галасоў. У выпадку выбараў губернатара ён таксама збіраўся балатавацца. Тады яго падтрымліваў і дэпутат Яраслаўскай абласной думы, былы віцэ-прэмʼер Барыс Нямцоў, якога летась забілі непадалёк Крамля.

«Калі тут, у Яраслаўлі, быў мітынг супраць жулікаў і злодзеяў, калі б тады Урлашоў не сказаў, што хоча стаць губернатарам, я абсалютна перакананы, што ён бы быў цяпер на волі. Для мяне абсалютна відавочна, што з ім расправіліся, як з вельмі небяспечным палітычным канкурэнтам», – тлумачыў затрыманне мэру Барыс Нямцоў.

Жорсткі вырак Яўгенію Урлашову – гэта сігнал для тых, хто спрабуе змагацца са злачыннай сістэмай знутры, лічыць Маша Макарава.

«Мы цяпер якраз жывем перад парламенцкімі выбарамі, і бачна, як праходзіць выбарчая кампанія ў Расеі, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца апазіцыйныя кандыдаты ў Дзяржаўную Думу, нават у Маскве, не кажучы пра рэгіёны, дзе кандыдаты трапляюць пад фізічны гвалт даволі часта», – працягвае Маша Макарава.

Абарона Яўгенія Урлашова абскардзіла вырак суда. Раней адвакаты казалі пра гатовасць дайсці да Еўрапейскага суда правоў чалавека.

Яраслаў Сцешык

Стужка навінаў