У Вялейцы агучылі прысуд мужчыну, які ўдарыў міліцыянта


28 лютага суд Вялейскага раёну агучыў прысуд 32-гадоваму мужчыну, які ўдарыў міліцыянта.

Гэта адбылося падчас выязнога паседжання суда на прадпрыемстве «Буддэталі», дзе працуе абвінавачаны.

Акалічнасці інцыдэнту распавяла памочнік пракурора Вялейскага раёну Наталля Стрэж:

«Здарэнне адбылося 16 лістапада мінулага года. Жыхар Вялейскага раёну ішоў п’яны па праезнай часткі, элементаў, што адбіваюць святло, на ім не было. Супрацоўнікі аддзелу Дэпартаменту аховы затрымалі мужчыну, выклікалі патрульную машыну ДАІ, тая павезла яго ў дзяжурную частку райаддзелу міліцыі. Па дарозе, на вуліцы Савецкай, парушальнік актыўна супраціўляўся, спрабаваў адкрыць на хаду дзверы машыны. І двойчы ўдарыў кулаком у твар міліцыянта, які яго супакойваў».

У сувязі з інцыдэнтам распачалі справу за «супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў, спалучаны з ужываннем гвалту».

Паводле Наталлі Стрэж, абвінавачаны, раней асуджаны за хуліганства, прызнаў сваю віну і чыстасардэчна раскаяўся. Гэта стала акалічнасцю, якая змякчыла адказнасць.

У сваю чаргу тое, што ён быў пʼяны, і нязнятая ды непагашаная судзімасць сталіся абцяжарвальнай акалічнасцю.

Рашэнне суда – тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – пакуль не ўступіў у законную сілу. Абвінавачаны знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Прысуд можа быць абскарджаны.

НМ, belsat.eu, паводле Mlyn.by

Стужка навінаў