У Віцебску паставяць скульптуру дэсантніка


У Віцебску з’явіцца скульптура «Дэсантнік» і памятны знак байцам у блакітных берэтах.

Іх усталююць на пляцоўцы ў парку Пераможцаў (па вул. Калініна) у другой палове ліпеня, урачыстае адкрыццё адбудзецца 2 жніўня – у Дзень дэсантнікаў і сілаў спецыяльных аперацыяў Узброеных сілаў Беларусі.

Бронзавая скульптура будзе вышынёй каля 3 метраў. Постаць дэсантніка адлюстраваная ў момант збірання стропаў пасля скачку. Перад скульптурай будзе стаяць дэкаратыўная кампазіцыя – парашут, на якім па цэнтры размяшчаецца эмблема паветрана-дэсантных войскаў (ПДВ), а злева і справа – барэльефы камандуючага ПДВ СССР генерала Васілія Маргелава і ўраджэнца Віцебску генерал-лейтэнанта Івана Лісава. Праект замовіла Упраўленне капітальнага будаўніцтва абласнога цэнтру, а выканаў віцебскі скульптар Іван Казак.

З ініцыятывай усталяваць помнік воіну-дэсантніку летась выступілі ветэранскія і грамадскія арганізацыі Віцебскай вобласці. Мясцовыя ўлады падтрымалі ідэю. Для стварэння помніка абвесцілі добраахвотны збор сродкаў.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА, фота icetrade.by

Стужка навінаў