Жыхар Віцебску атрымаў каля 30 % апёкаў цела пры тушэнні сухой травы, якая загарэлася ад распаленага самім жа пацярпелым кастра.
Здарэнне адбылося ў лесапаркавай зоне на вул. К.Маркса, паведамляе прэс-служба Міністэрства надзвычайных сітуацыяў.
Увечары 12 красавіка мужчыну даставілі ў рэанімацыю з апёкамі 2-3 ступені (30 % цела). Высветлілася, што ён быў п’яны, распаліў касцёр, у выніку загарэлася і трава.
У пачатку красавіка МНС змясціла на сваім сайце парады, як сябе паводзіць у пажаранебяспечны перыяд.
Паліць смецце на сваім участку, вядома, можна, але пры гэтым неабходна выконваць элементарныя правілы бяспекі, каб простае прыбіранне ўчастку не стала трагедыяй. Рабіць гэта трэба толькі ў зацішнае надвор’е. Вогнішчы лепш разводзіць удалечыні ад будынкаў, лесу ці саломы. Калі нічога з пералічанага паблізу няма, вы гатовыя сачыць за агнём і пад рукой ёсць вогнетушыцель або вядро з вадой, значыць, вы ўсё робіце правільна.
Вогнішча павіннае быць не бліжэй за 10 метраў ад пабудоваў, 20 – ад лесу і 30 – ад саломы. Мангал або грыль трэба ўсталёўваць як мінімум на адлегласці 4 метраў ад дома.
НМ, belsat.eu