У Віцебску будуць судзіць журналістаў за сюжэт на «Белсаце»


Відэасюжэт за які будуць судзіць

У суд Кастрычніцкага раёну Віцебску выклікаюць Віталя Скрыля і Уладзіміра Лунёва.

Пра гэта паведамляе грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

На іх склалі адміністрацыйныя справы паводле арт. 22.9 КаАП пасля з’яўлення ў нашым эфіры і на сайце Belsat.eu відэасюжэту «За што ў Воршы так не любяць Лукашэнку?

Адміністрацыйныя справы распачалі аршанскія міліцыянты. У пратаколе, складзеным на Віталя Скрыля маёрам міліцыі Ліліяй Трушко, вядзецца размова пра «фрагменты інтэрв’ю, якія былі размешчаныя на замежным тэлевізійным сайце belsat.eu». Такім чынам, на думку складальніцы пратакола, быў ажыццёўлены «незаконны выраб прадукцыі СМІ».

Уладзімір Лунёў і Віталь Скрыль

«У гэтай справе ўвогуле шмат «загадак», якія выдаюць яе невыпадковасць. Я вывучаў матэрыялы справы, бо ўжо рыхтуюся да судовага працэсу, і таму не хачу пакуль што агучваць усе недапрацоўкі міліцыянтаў. Сярод іх ёсць і такія, што сведчаць пра пра юрыдычную непісьменнасць. Прыкладам, у пратаколе агляду месца правапарушэння ў якасці такога месца пазначаны пакой у міліцыі, дзе праглядаўся «відэаролік». А не «плошча Леніна», пра якую сказаў сведка. Дарэчы, у пратаколе пазначаны прозвішчы трох сведак, але апыталі чамусьці толькі аднаго, хто астатнія двое, і што яны засведчылі – невядома», – дзеліцца ўражаннямі Віталь.

Віталь Скрыль і Уладзімір Лунёў не адмаўляюць, што сапраўды ездзілі ў Воршу ў сярэдзіне мінулага месяца. І падчас той паездкі заўважылі, што за імі сочаць людзі з машыны, якая суправаджала іх па горадзе. А на выездзе з Воршы аўто Уладзіміра Лунёва спынілі работнікі ДАІ, і супрацоўнікі перапісалі прозвішчы кіроўцы да пасажыраў.

Аднак ніякіх дакументаў пра тое, што адбывалася «назіранне ў аператыўных мэтах», ці нешта падобнае, у справе няма.

Беспрэцэдэнтным для Віцебшчыны выпадкам стала і тое, што Лунёва і Скрыля збіраюцца судзіць у Віцебску, а не па месцы здарэння – у Воршы. Бо, да прыкладу, глыбачаніна Змітра Лупача за сюжэты, паказаныя на «Белсаце», змушалі прыязджаць у суды Паставаў і Докшыц. Аршанскі суд разглядаць справы віцебскіх журналістаў не захацеў: быў дасланы зварот у Віцебскі абласны суд, і старшыня прызначыў месцам разгляду Кастрычніцкі райсуд Віцебску.

Судовы працэс мае адбыцца ў панядзелак, 19 лютага.

НМ, belsat.eu, фотаздымак ГА «БАЖ»

Стужка навінаў