У Венесуэле растлумачылі прычыну прыбыцця расейскіх вайскоўцаў


21 студзеня, пратэст у Каракасе. Напярэдадні былі арыштаваныя 27 вайсковых афіцэраў, якія выступілі супраць палітыкі Нікаляса Мадура. Фота Roman Camacho/SOPA

Высокапастаўлены чыноўнік з Венесуэлы пацвердзіў прыбыццё ў краіну самалётаў з расейскімі вайскоўцамі на борце. Па словах прадстаўніка ўладаў, вайскоўцы прыляцелі ў Каракас у межах «ваеннага супрацоўніцтва дзвюх саюзнікаў», паведамляе агенцтва AP.

У прыватнасці, растлумачыў ён, прадстаўнікі расейскіх узброеных сілаў маюць намер прыняць удзел у перамовах па ваеннай падрыхтоўцы і стратэгіі венесуэльскай арміі, а таксама абмеркаваць пытанні тэхабслугоўвання, паведамляе DW.COM. Венесуэльскі чыноўнік даў каментар агенцтву на ўмовах ананімнасці ў сувязі з сакрэтным характарам гэтай інфармацыі.

Як перадае агенцтва «Інтэрфакс», расейскія вайскоўцы прыбылі ў Венесуэлу для «правядзення двухбаковых кансультацыяў», іх візіт звязаны з рэалізацыяй раней падпісаных кантрактаў. На чале дэлегацыі – начальнік галоўнага штаба Сухапутных войскаў ВС РФ Васіль Танкашураў.

Раней СМІ Венесуэлы паведамілі, што на тэрыторыю краіны былі дастаўлены да сотні расейскіх вайскоўцаў і каля 35 тонаў грузу. Інфармацыю пацвярджае і партала Flightradar, расейскі АН-124 22 сакавіка вылецеў з сірыйскай Латакіі, дзе знаходзіцца вайсковая база расейскай арміі. Паводле венесуэльскага журналіста Хаўера Маёркі, расейскія ваенныя застануцца ў Каракасе для падтрымкі венесуэльскай арміі.

Венесуэла ўжо каля двух месяцаў перажывае востры палітычны крызіс. 22 студзеня – адразу пасля ўступлення Нікаласа Мадура на пасаду кіраўніка дзяржавы на другі тэрмін – у краіне пачаліся масавыя акцыі пратэсту. На наступны дзень старшыня апазіцыйнага Мадура венесуэльскага парламента Хуан Гуаідо абвясціў сябе часова выконваючым абавязкі прэзідэнта краіны. Большасць краін Еўразвязу, а таксама ЗША, Канада, Аўстралія, частка краінаў Лацінскай Амерыкі і Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў прызналі яго ў якасці легітымнага лідара.

Беларусь страціла на супрацы з Венесуэлай мільёны

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары