Беларусь страціла на супрацы з Венесуэлай мільёны


Эканамічнае супрацы амаль няма, але братэрства – засталося. Кіраўнік Беларусі ў шчырых простых словах павіншаваў прэзідэнта Нікаляса Мадуру з Днём Незалежнасці Венесуэлы. І чаму Лукашэнку так прыглянулася гэтая лацінаамерыканская краіна?

Больш, чым проста стасункі. Аляксандр Лукашэнка ў сваіх традыцыях павіншаваў Венесуэлу з Днём Незалежнасці.

«Венесуэла для Беларусі – братэрская краіна і стратэгічны партнёр. Беларуская і венесуэльская эканомікі ўзаемааднаўляльныя, а двухбаковыя адносіны маюць значны патэнцыял для развіцця».

Словы, вядома, цёплыя, але адразу з’яўляюцца пытанні. Што гэта за ўзаемадапаўняльнасць у эканоміцы? Венесуэла ўжо каторы год у крызісе. Інфляцыя ў гадавым вымярэнні ў траўні ў гэтай краіне дасягнула касмічных лічбаў – ледзь не 25-ці тысячаў адсоткаў.Як вынік венесуэльцы вяртаюцца да натуральнага абмену.

«Паколькі запасы харчавання не паступаюць, мы вымушаны абменьвацца з людзьмі рыбай. Нават турысты, якія прыносяць ежу, абменьваюць яе на рыбу, бо ў нас няма грошай», – кажа жыхар Венесуэлы.

Сітуацыя даходзіць да абсурду. Гэтак метро ў Каракасе ўжо два месяцы як бясплатнае, бо ў краіне… няма паперы на квіткі.

Некалі супраца паміж Беларуссю і Венесуэлаю была дастаткова інтэнсіўная. Пасля смерці Уга Чавэса ў Менску знайшлі месца пад парк, які назвалі ў гонар заакіянскага сябра Лукашэнкі. Вось толькі цяпер парк гэты больш падобны да пусткі, што ў прынцыпе адпавядае дзейнаму стану беларуска-венесуэльскіх дачыненняў.

Гэтак за два гады пасля смерці Чавэса таваразварот з Венесуэлай спаў у 50 разоў! Раней жа Венесуэла пастаўляла ў Беларусь танкеры з нафтай, а Беларусь адпраўляла за акіян будаўнікоў, спецыялістаў, трактары і аўтобусы. У выніку, як летась паведамляла Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Венесуэла вінная нашай краіне больш за 100 мільёнаў долараў.

«Гэта былі ў нечым іміджавыя праекты, як для Чавэса, які хацеў паказаць, што ён грае такую важную ролю ў глабальнай палітыцы, так і для Лукашэнкі, які хацеў паказаць Маскве, што ён здольны забяспечыць Беларусь нафтай», – кажа палітолаг Алесь Лагвінец.

Але, як дадае эксперт, усе гэтыя дзеянні былі асуджаныя на фіяска за кошт вялікай геаграфічнай адлегласці, і слабых эканамічных магчымасцяў.

«Па сутнасці, апроч такой ідэалагічнай блізкасці, паміж Беларуссю і Венесуэлай мала ёсць чагосьці агульнага»? – кажа Алесь Лагвінец.

А ці адчуваюць такую блізкасць самыя беларусы, і ці лічаць Венесуэлу братэрскай краінай?

Жыхары Менску:

«Я думаю, гэта гучна сказана. Мы вельмі розныя».

«І менталітэт іншы, і прырода. Зусім усё іншае! Якая ж гэта братэрская краіна?»

«Ну, а чаму не? Там жа ўсе гаварылі, што Беларусь – браты! Чаму б да іх не адносіцца, як да братэрскай краіны?»

«Мы талерантныя, а яны – вогненныя. Яркія, злыя. А мы добрыя!»

Відавочна, нягледзячы на палітычны і эканамічны абсурд, шмат якія беларусы па-сяброўску глядзяць на Венесуэлу. Нават калі такое сяброўства асаблівых дывідэндаў не прыносіць.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu