У справе Шарамета няма вялікага прагрэсу, – кіраўнік Нацпаліцыі


Начальнік Нацыянальнай паліцыі Украіны Хація Дэканаідзэ заяўляе пра адсутнасць вялікага прагрэсу ў справе расследавання забойства вядомага журналіста Паўла Шарамета, але катэгарычна супраць выдавання любых дэталяў расследавання.

Паводле ейных словаў, яна заслухала справаздачу пра стан следства паводле справы.

«Я не магу сказаць, што ёсць вялікі прарыў, але ёсць велізарная руцінная праца», – адзначыла Дэканаідзэ на брыфінгу 19 жніўня.

«Я катэгарычна супраць таго, каб дэталі, якія ёсць у расследаванні, каб пра іх гаварыў хто-небудзь: Нацпаліцыя, Генпракуратура, бо гэта перашкаджае расследаванню. Калі нешта будзе, вы першыя даведаецеся пра гэта », – сказала Дэканаідзэ.

10-га жніўня генеральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што расследаванне забойства вядомага беларускага журналіста Паўла Шарамета прасоўваецца, але апублікаваць інфармацыю пра гэта пакуль нельга. «Мне шмат пра гэта вядома, але я не змагу з вамі гэтым падзяліцца. На самай справе па Шарамету ніякай інфармацыі, якая можа быць апублікаваная, няма. У нас ёсць сурʼёзны прагрэс у расследаванні, але ён не зʼяўляецца публічным», – цытавала Луцэнку «Українська правда».

Раней паведамлялася, што следства мела чатыры версіі забойства: асабістыя непрыязныя адносіны з загінулым, прафесійная дзейнасць, дэстабілізацыя абстаноўкі ў Кіеве і памылка (машына, у якой быў узарваны Шарамет, належала ўладальніцы інтэрнэт-выдання «Українська правда» Алёне Прытуле).

44-гадовы журналіст беларускага паходжання Павел Шарамет, які апошнія пяць гадоў жыў і працаваў ва Украіне, загінуў у Кіеве раніцай 20-га ліпеня ў выніку падрыву машыны. Выбух адбыўся а 7:45 на рагу вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франко. Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, спрацавала выбухоўка магутнасцю 400-600 грам у тратылавым эквіваленце. Нацыянальная паліцыя Украіны распачала крымінальную справу паводле артыкулу «Наўмыснае забойства». Да расследавання падключыліся прадстаўнікі ФБР, пра дапамогу якіх папрасілі ўкраінскія ўлады.

Павел Шарамет быў пахаваны на Паўночных могілках пад Менскам 23 ліпеня.

МЯ, паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў