Ілля Яшын пра смерць Паўла Шарамета: Бясспрэчна, у Пуціна быў матыў


Адзін з лідараў расейскай апазіцыі Ілля Яшын адзначыў, што замешанасць расейскіх спецслужбаў у забойства Паўла Шарамета мае быць ключавой версіяй у расследаванні.

«Павел у апошнія гады рабіў уражанне шчаслівага чалавека: ён перабраўся ў Кіеў, у яго зʼявілася магчымасць займацца ўлюбёнаю справаю, ён там працаваў, у яго зʼявілася сямʼя, і ён сапраўды быў шчаслівы, пачаў займацца спортам, бегаў кросы раніцаю, яму падабалася жыць, ён хацеў жыць і займацца сваёй справаю. Тое, што ягоны жыццёвы шлях гэтак па-скоцку, злавесна абарвалі, – у гэта немагчыма паверыць. Настолькі гэта несправядліва», – адзначыў расейскі апазіцыянер.

Ён згадаў, што яго з Паўлам Шараметам пазнаёміў Барыс Нямцоў. «Барыс адыграў істотную ролю, каб выцягнуць Паўла з беларускай турмы. Нямцоў тады працаваў ва ўрадзе, пайшоў да Ельцына і пераканаў Барыса Мікалаевіча пазваніць Лукашэнку і дамагчыся таго, каб Шарамета адпусцілі. Яго выпусцілі, ён прыехаў у Расею і з таго часу вельмі пасябраваў з Нямцовым. Той факт, што за паўтара года мы згубілі іх дваіх, проста не ўкладаецца ў галаве, – гэта вялізная трагедыя», – адзначыў Ілля Яшын.

На ягонае меркаванне, ключавой версіяй у забойстве Паўла Шарамета мае быць удзел расейскіх спецслужбаў.

«Я не следчы, у мярне няма поўнай інфармацыі, але, мне падаецца, ключавая версія, на якой неабходна засяродзіцца, – гэта версія датычнасці расейскіх спецслужбаў. Бяяспрэчна, у Крамля быў матыў, і ў Пуціна быў матыў: дэстабілізацыя сітуацыі ва Украіне, нанясенне ўдару па рэпутацыі ўкраінскіх уладаў, да якіх Крэмшль па-ранейшаму ставіцца вельмі варожа», – сказаў расейскі палітычны дзеяч.

На ягоную думку, забойства Паўла Шарамета – гэта своеасаблівае пасланне расейскім палітычным эмігрантам, якія перабраліся ў Кіеў і мяркуюць, што знаходзяцца ў бяспецы.

«Мы з Шараметам неяк абмяркоўвалі забойства Нямцова і я казаў, што, магчыма, нам трэба было пераканаць Барыса перабрацца ў Кіеў, бо гэта, мажліва, захавала б яму жыццё. Шарамет сумна ўсміхаўся і казаў: калі ў некага ёсць ілюзія, што пуцінскія спецслужбы не здолеюць дастаць патрэбнага ім чалавека ў Кіеве, то гэта – памылка. Як казаў Шарамет, ФСБ адчувае сябе ў Кіеве да гэтай пары як дома. Таму мне падаецца, што ключавая версія, на якой мусіць засяродзіцца следства – гэта версія датычнасці крамлёўскіх спецслужбаў», – мяркуе спадар Яшын.

Ілля Яшын прыехаў у Менск, каб развітацца з Паўлам Шараметам.

МЯ, АБ, belsat.eu

Стужка навінаў