У сеціва выклалі відэа, знятае камерамі сілавікоў, і спісы найлепшых АМАПаўцаў


Ініцыятыва By_Pol, якая аб’ядноўвае супрацоўнікаў усіх сілавых ведамстваў Беларусі, апублікавала ролік, змантаваны з запісаў з нацельных камер сілавікоў, зробленых гэтай восенню.

На кадрах By_Pol можна назіраць стаўленне да затрыманых у аўтазаку, разгон пратэстоўцаў на вуліцы Арлоўскай і затрыманні на праспекце Незалежнасці.

Першае відэа знятае ў аўтазаку. Дату відэа невядомая, але ўсе затрыманыя ў цёплай вопратцы. У салоне знаходзяцца з дзясятак сілавікоў, якія прыводзяць затрыманых. Большасць ставяць на каленях на падлозе. Пра аднаго з затрыманых сілавікі кажуць, што ў яго бінты на руках і ён хадзіў з флагштокам. Затым прыводзяць мужчыну, які просіць яго не «ламаць», але замест гэтага яго бʼюць дубінкай двое сілавікоў.

У наступным урыўку аўтазак едзе, а адзін з АМАПаўцаў органаў пачынае «гутарыць» са збітым затрыманым. Калі той апускае вочы, сілавік дубінкай падымае ягоную галаву, пытаючыся, ці «Нармальна было скакаць?» Ён таксама некалькі разоў бʼе яго па галаве і твары, а яго калегі вывучаюць змесціва тэлефонаў затрыманых.

Лепшыя АМАПаўцы.
Фота: minsk.mvd.gov.by

Другое відэа знятае 25 кастрычніка, магчыма на вуліцы Арлоўскай каля Цэнтральнага РУУС. На відэа сілавікі кідаюць святлошумавыя гранаты і пачынаюць рухацца ў бок пратэстоўцаў. Чуваць гукі, падобныя да стрэлаў, патрабаванні легчы.

Трэцяе відэа зрабілі 1 лістапада паміж станцыямі метро «Маскоўская» і «Усход», непадалёк ад Нацыянальнай бібліятэкі. АМАПаўцы знаходзяцца ў машыне міліцыі, за рулём чалавек у форме ДПС. Машына спрабуе дагнаць пратэстоўцаў. Затым машына спынілася, сілавікі выбеглі, каб дапамагчы злавіць людзей. Яны жорстка затрымліваюць хлопца, садзяць яго ў машыну, лаючыся пры гэтым, забіраюць тэлефон і заплечнік.

Таксама ініцыятыва By_Pol апублікавала спісы «лепшых» супрацоўнікаў Менскага АМАПу, якіх узнагародзілі 24 лістапада. Тады сайт Менскага ГУУС выклаў іх фота без галоваў, не называліся таксама імёны. Сярод узнагароджаных – двое атрымалі медалі «За адвагу».

«By_Pol нагадвае супрацоўнікам органаў унутраных спраў і іншых сілавых ведамстваў: «Балаклавы не дапамогуць, мы ведаем пра вас больш, чым вы думаеце. Ніхто не сыдзе ад адказнасці за ўчыненыя злачынствы», – заявілі ў ініцыятыве.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў