У сакавіку некалькі станцыяў метро зачыняць праз будаўніцтва новай лініі


Спалучэнне паміж Аўтазаводскай і Зелёналужскай лініямі метрапалітэну намечана правесці ў трэцяй дэкадзе сакавіка, паведамляюць «Минск-Новости».

Як адзначыў генеральны дырэктар УП «Мінскметрабуд» Леанід Стухальскі, прыкладна 21 і 22 сакавіка часова будзе закрыты ўчастак метро ад станцыі «Фрунзенская» да станцыі «Каменная Горка». У гэтыя дні плануюць правесці ўрэзку стрэлкі, якая злучыць Аўтазаводскую лінію і Зялёналужскую, якая цяпер будуецца.

«Галіна з’ездаў будзе рабіцца на перагоне ад станцыі «Плошча Францішка Багушэвіча» і выйдзе паміж станцыямі «Фрунзенская» і «Маладзёжная». Тэхнічна гэта вельмі складаная задача. На перыяд правядзення гэтых работ прадпрыемствам «Менсктранс» будзе арганізаваны кампенсацыйны наземны транспарт з прыпынкамі ў кожнай станцыі метрапалітэну», – адзначыў ён.

На дадзены момант будуюцца чатыры станцыі трэцяй лініі метро: «Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча« і »Юбілейная плошча». Іх плануюць увесці ў эксплуатацыю да 3 ліпеня.

На «Кавальскай Слабадзе» і «Вакзальнай» дызайнеры ўжо пачалі афармленне інтэрʼераў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў