У расейскай арміі зламаўся адзіны авіяносец


Расея часова засталася без адзінага свайго авіяносца, тады як у ЗША ў цяперашні час ёсць 11 падобных караблёў.

Адзіны расейскі авіяносны крэйсер «Адмирал Флота Советского Союза Кузнецов» адпраўлены на рамонт, паведаміла ў чацвер прэс-служба Паўночнага флоту РФ.

«Суднарамонтнікі спачатку правядуць агляд докаў карабля, па выніках якога будзе вырашацца пытанне аб памерах рамонту», – адзначылі ў прэс-службе.

Таксама вядома, што рамонт крэйсера выканаюць спецыялісты суднарамонтнага заводу ў горадзе Раслякова Мурманскай вобласці, падае korrespondent.net.

Авіяносец «Адмирал Кузнецов» з’яўляецца адзіным падобным караблём у складзе Ваенна-марскога флоту ў Расеі. Ён быў пабудаваны ва ўкраінскім Мікалаеве, на Чарнаморскім суднабудаўнічым заводзе, і ўведзены ў эксплуатацыю ВМФ РФ у 1991 годзе.

Нагадаем, Расея хоча пабудаваць уласны суперавіяносец. Згодна з праектам, гэты карабель будзе здольны несці на сабе больш за 100 самалётаў, паведамляе Крылоўскі дзяржаўны навуковы цэнтр. Гэта ўдвая больш, чым можа несці «Адмирал Кузнецов».

Варта адзначыць, што ў цяперашні час у ЗША ёсць 11 авіяносцаў, здольных несці на борце больш за 70 самалётаў.

МЯ, паводле korrespondent.net

Стужка навінаў