У Польшчы адкрылася вандроўная выстава пра забойствы беларусаў Падляшша ў 40-я гады


29 студзеня 2019 года. Выстава «Нашая памяць» у Залешанах. Фота – радыё «Рацыя»

Сёння ў вёсцы Заляшаны прайшла аднадзённая выстава «Нашая памяць» аб беларускіх ахвярах атрадаў Рамуальда Райса (Бурага), забітых 73 гады таму. Паслязаўтра выстава адкрыецца ў Бельску-Падляскім.

У экспазіцыю ўвайшлі архіўныя фатаграфіі і здымкі з паходу, які чальцы Беларускага гістарычнага таварыства зладзілі ўлетку па вёсках Лазіцы, Вітава, Вілюкі, Заляшаны, Краснае Сяло, Вулька-Выганоўская, Кліхі, Пухалы-Старыя, Малешы, Шпакі і Зані.

Па гэтых вёсках у студзені–лютым 1946 года прайшліся партызаны з Аддзелу спецыяльнага прызначэння Нацыянальнага вайсковага аб’яднання на чале з капітанам Рамуальдам Райсам. У выніку былі пяць вёсак былі спаленыя, а 79 вяскоўцаў забітыя паводле этнічнай прыкметы, у тым ліку жанчыны, дзеці і старыя.

Фрагмент выставы «Нашая памяць». Фота – радыё «Рацыя»

Арганізатары выставы – Беларускае гістарычнае таварыства і Фонд «Kamunikat.org».

«Штуршком да дзейнасці ў гэтым напрамку было ўзвелічэнне капітана Рамуальда Райса часткай польскага грамадства і палітыкаў. Мы не можам пагадзіцца з тым, што злачынца мае быць польскім героем. Таму, дбаючы пра сваё, мы вырашылі рабіць тое, што можам. Мы паехалі па вёсках, жыхароў якіх забівалі, з рэвізіяй помнікаў. У выніку мы сабралі мноства матэрыялаў і вырашылі зрабіць выставу», – кажа «Белсату» старшыня Беларускага гістарычнага таварыства, прафесар Беластоцкага ўніверсітэту Алег Латышонак.

Паводле арганізатараў, ініцыятыва адкрытая для ўсіх, нягледзячы на арганізацыйную прыналежнасць, веравызнанне, нацыю і палітычныя погляды.

«Права на гісторыю і памяць маюць усе грамадзяне Польшчы», – гаворыцца ў паведамленні, якое атрымала нашая рэдакцыя.

У межах праекту пройдзе шэраг адукацыйных акцыяў, а таксама будуць апублікаваныя аповеды сведак тых здарэнняў.

Буры: для адных – забойца, для іншых – герой

Падчас суду ў 1948-м Рамуальд Райс не прызнаў сваёй віны, а адказнасць за спаленыя вёскі і забітых беларускіх сялянаў зваліў на свайго намесніка. У 1949-м Райса павесілі.

У 1995-м Вайсковы суд у Варшаве Бурага рэабілітаваў. Нашчадкам Рамуальда Райса польская дзяржава выплаціла кампенсацыю. У 2005-м Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы прыйшоў да высновы, што расстрэл беларусаў і спаленне вёсак у 1946 «мелі прыкметы генацыду».

Гэтыя два супярэчлівыя рашэнні прыводзяць сёння да таго, што на Беласточчыне ўсцяж працягваюцца спрэчкі вакол інтэрпрэтацыі асобы Бурага: беларусы лічаць яго бандытам і забойцам, польскія нацыяналістычныя і шавіністычныя групоўкі кажуць, што пацыфікацыя беларускіх вёсак была помстай за тое, што беларусы падтрымлівалі камуністаў.

«Для гэтых людзей Буры важны, бо ён моцна змагаўся з камуністычнай уладай. У іх разуменні гэта робіць справядлівым усе ягоныя дзеянні. Для мяне гэткая пазіцыя абсалютна непрымальная: мы не можам пагадзіцца, што змаганне з «камунай» апраўдвае забойствы жанчын і дзяцей», – дадае Алег Латышонак.

Усе польскія прафесійныя гісторыкі ацэньваюць тыя трагічныя падзеі адназначна як злачынства.

Наступны вернісаж выставы «Нашая памяць» пройдзе 31 студзеня ў Бельску-Падляскім.

Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў