У Польшчы абрабавалі кватэру нобэлеўскаў лаўрэаткі Вольгі Такарчук


Польскія медыі са спасылкай на неафіцыйную інфармацыю пішуць, што з кватэры пісьменніцы скралі буйную суму грошай.

У ноч з суботы на нядзелю невядомыя абрабавалі кватэру ў польскім горадзе Вроцлаў. Паводле радыё «Tok.fm», гаворка вядзецца пра жытло лаўрэаткі ўзнагароды Нобэля ў галіне літаратуры за 2018-ы год Вольгі Такарчук.

Сама пісьменніца цяпер знаходзіцца за мяжой.

«Каля поўначы паліцыя атрымала паведамленне пра гэта і неадкладна скіравалася на месца здарэння. Аператыўныя мерапрыемствы ладзіліся паралельна следчымі, якія правялі агляд і забяспечылі сляды, а таксама крыміналістамі, якія распачалі дзеянні па ўсталяванню асобаў, што маглі мець дачыненне да злачынства», – распавёў журналістам старэйшы сяржант Крыштаф Марц’ян з Камендатуры гарадской паліцыі ў Вроцлаве.

Паводле радыё «Zet», рабаўнікі вынеслі з жытла пісьменніцы каля $ 20 тысячаў у рознай валюце.

Тое, што абрабаваная кватэра належыць Такарчук, журналістам газеты «Fakt» пацвердзіла жанчына з суседняй кватэры.

  • Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры за 2018 год уручылі сёлета. Вольга Такарчук атрымала яе «за ўяўленне расказчыка, які з энцыклапедычным запалам прадстаўляе перасячэнне межаў як форму жыцця». Памер Нобэлеўскай прэміі склаў сёлета 9 млн шведскіх кронаў – то бок, амаль мільён долараў.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў