У «Паедзем, паямо» прыдумалі, як змагацца з фальшывымі замовамі столікаў


Каб перадухіліць фальшывыя замовы століку з боку пратэстоўцаў, «Паедзем, паямо» бярэ з гасцей аванс. Фота інтэр’еру – Relax.by

Пытанне з паркоўкаю рэстарацыя абяцае вырашыць цягам некалькіх дзён.

Пра гэта адміністратарка рэстарацыі заявіла ў размове з «Белсатам».

«Мяркую, пытанне [паркоўкі] будзе вырашанае цягам пары дзён», – заявілі нам па тэлефоне.

Рэстарацыя «Паедзем, паямо» на 51-м кіламетры менскай кальцавой аўтадарогі павінная была адчыніцца спачатку 1-га, а потым – 5 чэрвеня. У аўторак пратэстоўцы не пускалі на тэрыторыю ўстановы аўтамабілі дастаўкі.

Згодна са словамі адміністрацыі, рэстарацыя ўжо працуе.

Інтэр’ер рэстарацыі. Фота – Relax.by

Учора ў сацыяльных сетках з’явіліся прапановы ў межах акцыі пратэсту супраць «рэстарацыі на костках» браніраваць у «Паедзем, паямо» столік і не прыходзіць, а таксама замаўляць ежу з дастаўкаю на фіктыўныя імёны і адрасы.

Імаверна, рэстарацыя зразумела гэтую схему і перастрахоўваецца, просячы перадаплату. Падчас размовы з рэстарацыяй карэспандэнту «Белсату» не ўдалося замовіць столік ані на пятнаццаць чалавек, ані нават на дзве асобы: перадзамовы праз тэлефон рэстаран не прымае.

«Вы можаце прыехаць да нас асабіста, паглядзець на нашую атмасферу, зрабіць перадзамову, унесці аванс і пазней прыйсці да нас у госці», – заявілі ў рэстарацыі.

Паводле кіраўнічкі ўстановы, у рэстарацыі дастаткова месца, каб пераймацца тым, што не будзе свабоднага століка.

З пачатку чэрвеня ў Курапатах пад лозунгам «Не кабак, а музей» праходзіць акцыя пратэсту супраць адкрыцця тут рэстарацыі. Яна месціцца ў комплексе будынкаў, які раней называўся «Бульбаш-хол». Улетку там збіраюцца адчыніць таксама лазню. Аб’ект належыць кампаніі «Белновотекс груп».

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 30 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

ДД

Глядзі таксама
Каментары