У Нямеччыне адкрыліся ўчасткі для галасавання на выбарах у Бундэстаг


Выбарчыя ўчасткі пачалі працу ў 8:00, а першыя дадзеныя экзітполаў зʼявяцца а 18-й гадзіне па берлінскім часе.

Адразу пасля закрыцця ўчасткаў у 18:00 будуць апублікаваныя першыя дадзеныя экзітполаў і пачнуць паступаць першыя каментары ад прадстаўнікоў палітычных сілаў. Папярэднія афіцыйныя вынікі ад выбаркама будуць апублікаваныя ў ноч на панядзелак.

Правам голасу ў ФРГ валодаюць 61,5 млн чалавек, менавіта яны вызначаць будучы склад парламента. Ужо на падставе размеркавання мандатаў будзе сфарміраваны ўрад і вызначаны канцлер. На працягу дня будуць працаваць 73,5 тыс. выбарчых участкаў. Кожны грамадзянін на выбарах мае два галасы: адзін ён аддае за партыю, а другі – за кандыдата ад сваёй аднамандатнай акругі.

Паводле апытанняў грамадскай думкі, больш за ўсё шанцаў перамагчы на ​​выбарах у Хрысціянска-дэмакратычнага і Хрысціянска-сацыяльнага саюзаў (ХДС / ХСС) – рэйтынг блока Ангелы Меркель вагаецца на ўзроўні 34-36%.

На другім месцы ідуць сацыял-дэмакраты пад кіраўніцтвам Марціна Шульца з 22-24%. Трэцімі могуць стаць ультраправыя з «Альтэрнатывы для Нямеччыны», якія, хутчэй за ўсё, апынуцца ў Бундэстагу ўпершыню ў сваёй гісторыі. Рэйтынг Левай партыі – 9,5-11%, свабодных дэмакратаў – 9-9,5%, «зялёных» – 7-8%.

Пры такім раскладзе ў Бундэстагу могуць быць сфармаваныя толькі дзве кааліцыі большасці. Першая – «вялікая кааліцыя» з ХДС / ХСС і СДПГ. У такім выпадку правая «Альтэрнатыва для Нямеччыны» фармальна ўзначаліць апазіцыю ў нямецкім парламенце. Калі ж да ўлады прыйдзе кааліцыя з ХДС / ХСС, Свабоднай дэмакратычнай партыі і «зялёных», то лідэрамі парламенцкай апазіцыі стануць сацыял-дэмакраты.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў