У новых падручніках паўстанне Каліноўскага назвалі «польскім». Рэцэнзенты – актывісты фонду «Русский мир»

ВІДЭА

Школьныя настаўнікі звярнулі ўвагу на фармулёўкі ў абноўленым падручніку па расейскай літаратуры для 8 класа. Іх справядлівае абурэнне выклікаў уступ да раздзелу «Літаратура другой паловы ХІХ стагоддзя», піша nn.by.

«…Адмена прыгоннага права ў 1861 годзе выклікала новы выбух народных хваляванняў, самае буйное з іх – Польскае паўстанне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага (1863-1864)», – пішуць аўтары.

Складальніцы падручніка – выкладчыцы БДУ Святлана Захарава і Таццяна Марозава, а таксама настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі №22 Менску Галіна Чэпелева.

«Польскае паўстанне» – гэта каланіяльная фармулёўка, народжаная расейскай гістарыяграфіяй у тым самым ХІХ стагоддзі.

Беларуская навука разглядае гэтыя падзеі іначай.

У прыватнасці, у абноўленым падручніку па гісторыі для таго ж 8 класа – адпаведны раздзел называецца «Паўстанне 1863–1864», у старых падручніках была фармулёўка «Паўстанне 1863–1864 у Польшчы, Літве і Беларусі».

Як тут школьніку не заблытацца?

«Безумоўна, такая фраза некарэктная, – лічыць кандыдат гістарычных навук Аляксандр Пашкевіч. – Вядома, што паўстанне было і геаграфічна не толькі польскім, і ўдзельнікі не абмяжоўваліся адной нацыянальнасцю. Гэта акурат уплыў яшчэ імперскай гістарыяграфіі, называць паўстанне «польскім», выключна ідэалагічны канструкт. У Беларусі такімі фармулёўкамі не карыстаюцца ні ў акадэмічнай навуцы, ні ў звычайнай публіцыстыцы. У нас гэта або проста «Паўстанне 1863–1864», або «Паўстанне ў Польшчы, Беларусі і Літве».

Нагадаю, што за часамі паўстання было выдадзена першае перыядычнае выданне па-беларуску, што стала вялікім дасягненнем і падмуркам, на якім у будучыні грунтаваўся нацыянальны рух».

Як тады такая антынавуковая фармулёўка пралезла ў падручнік для школьнікаў?

Журналісты спыталіся ў аднаго з аўтараў – дацэнта БДУ Святланы Захаравай.

«У нас няма аўтараў асобных раздзелаў, мы працавалі калектыўна. Але падручнік прайшоў праз сіта рэцэнзентаў, змяняў недзе змест. І на якім этапе выплыла гэтая фармулёўка, мне сказаць цяжка. Можа, недзе недагледзелі, ідэалагічна не вытрымалі», – тлумачыць Захарава.

Чым тады выклікана рассінхранізацыя тэрмінаў у двух падручніках для аднаго года?

«На момант падрыхтоўкі яшчэ не было падручніка па гісторыі, не было на што арыентавацца», – падсумавала яна.

Дарэчы, цікавы факт: прозвішчы асобных рэцэнзентаў гэтага падручніка ўсплываюць у інтэрнэце ў звязцы з фондам «Русский мир».

Напрыклад, дэкан філфака Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэту Таццяна Сянькевіч узначальвае «Русский центр» у Берасці. «Русский центр» – гэта крэатура фонду «Русский мир».

Таццяна Сянькевіч

У размове з «Нашай Нівай» Сянькевіч сказала, што не памятае, ці ёй належыць фармулёўка пра «польскае паўстанне».

Яшчэ адзін з рэцэнзентаў – Аляксей Іваноў з Магілёўскага ўніверсітэту імя Куляшова.

Аляксей Іваноў. Фота – iff.msu.by

«Падтрымлівае актыўныя сувязі з пасольствам Расеі […], стала бярэ ўдзел у арганізацыі навукова-адукацыйных мерапрыемстваў сумесна з прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Беларусі, фондам «Русский мир», – інфармуе пра Іванова сайт універсітэту.

Іваноў папрасіў даслаць яму пісьмовы запыт, каб ён паспрабаваў узгадаць аўтарства правак.

Гэта ўжо не першая дзіўная сітуацыя з рэформай падручнікаў. Так, раней у падручніку па гісторыі вайна 1812 года раптам выявілася для беларусаў «айчыннай».

Арцём Гарбацэвіч, nn.by

Глядзі таксама
Каментары