«У наяўнасці небяспека гуманітарнай катастрофы». Пасля анексіі ў Крыме рэзка вырас узровень смяротнасці


У Крыме рэзка пагоршылася дэмаграфічная сітуацыя: за апошнія чатыры гады колькасць залішне памерлых у Крыме ў параўнанні з узроўнем 2013 года перавысіла 9,4 тыс. чалавек.

«Гэта тыя, хто цяпер павінны былі быць жывымі», – піша прафесар, доктар медыцынскіх навук Ігар Гундараў у сваім артыкуле, апублікаваным у расейскай «Независимой газете».

Для параўнання: ваенныя страты ў выніку баявых дзеянняў на Данбасе за гэты час склалі каля 10 тыс. чалавек.

Рост смяротнасці меў эпідэмічны характар ​​па ўсёй тэрыторыі Крыма: у Феадосіі смяротнасць вырасла на 13%, Сімферопалі – 12%, Еўпаторыі – 6%, Ялце – 5%. Пры гэтым аўтар артыкула падкрэслівае, што з 2005 па 2013 год смяротнасць ва ўкраінскім Крыме бесперапынна зніжалася.

Медыцынскія фактары не мелі дачынення да таго, што цяпер адбываецца. Прафесар Гундараў прапануе шукаць тлумачэнне такой катастрафічнай статыстыкі ў галіне псіхікі.

«Паміж свядомасцю і падсвядомасцю існуюць згода (кансананс) і нязгода (дысананс). Прыкладам дысанансу служыць сітуацыя ў ГДР пасля ўзʼяднання з ФРГ. Свядомасць усходніх немцаў вітала злом Берлінскай сцяны, тады як падсвядомасць напаўнялася расчараваннем і ўзлаванасцю. У выніку развілася фрустрацыя з ростам злачыннасці, смяротнасці, спадам нараджальнасці. Што, калі ў Рэспубліцы Крым – сіндром ГДР?», – пытаецца навуковец.

Статыстыка пацвярджае гэтую версію: у 2015 годзе злачыннасць у Крыме павялічылася на 53%, у Севастопалі – на 45% (раней яна зніжалася). Колькасць забойстваў вырасла на 53%, разбояў – на 48%, цяжкіх цялесных пашкоджанняў – на 25%.

Паменшылася патрэбнасць насельніцтва ў культурным развіцці: наведванне музеяў знізілася на 25%, тэатраў – на 33%. Колькасць разводаў павялічылася на 200%.

«У наяўнасці небяспека гуманітарнай катастрофы, якая пагражае іміджу далучэння Крыма да Расеі», – адзначае прафесар Гундараў.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў