У МУС пракаментавалі напад дзясяткаў сілавікоў з дубінкамі на адну машыну


Тэлеграм-канал Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі апублікаваў сваю версію нападу сілавікоў на легкавы аўтамабіль Volkswagen Passat на праспекце Дзяржынскага ў Менску.

На кадрах з відэа, якія былі распаўсюджаныя ў інтэрнэце, бачна як дзясяткі сілавікоў (магчыма, жаўнераў унутраных войскаў) нападаюць разам на машыну і пачынаюць біць яе дубінкамі. У кіроўцы атрымліваецца вырвацца, і аўтамабіль з’язджае.

Тым не менш, яго пасля жорстка затрымалі.

А сама машына была вельмі моцна пашкоджаная.

У МУС заяўляюць, што «некаторыя інтэрнэт-рэсурсы» «па-свойму інтэрпрэтавалі падзеі». Як заяўляе прэс-сакратарка ведамства Вольга Чамаданава, аўтамабіль які спачатку падрэзаў пасажырскі аўтобус, а затым блакаваў рух у раёне праспекту Дзяржынскага – вуліцы Шчорса.

Уцякаючы ад пераследу ДАІ, кіроўца заехаў на дваровую тэрыторыю па вуліцы Разінскай. Калі інспектар выйшаў з службовай машыны і накіраваўся да парушальніка, той пачаў рух заднім ходам. У выніку сутыкнуўся з міліцэйскім аўтамабілем і наехаў на міліцыянта, які атрымаў траўму нагі.

У МУС заяўляюць, што ў затрыманага кіроўцы выявілі наяўнасць алкагольнага ап’янення.

Навошта дзясяткі сілавікоў напалі на машыну, Чамаданава не патлумачыла.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў