У Менску суд на абаронцамі Курапатаў: Севярынцу і Мікалайчык – па 10 содняў


Павел Севярынец у Курапатах. Фота - Ірына Арахоўская/«Белсат»

Абноўлена. Увечары 30 чэрвеня Леанід Кулакоў паведаміў нашаму сайту, што ў Курапатах міліцыянты склалі на яго два пратаколы.

Вользе Мікалайчык у судзе далі 10 содняў адміністрацыйнага арышту, Барыса Анікеева вызвалілі.

У каментары Belsat.eu Барыс Анікееў распавёў, што яго пратрымалі каля 5 гадзінаў «без аніякіх пастановаў»:

«Мне зусім нічога не сказалі. Я спытаў: за што затрымлівалі».

Паўла Севярынца судзілі за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, непадпарадкаванне міліцыянтам, дробнае хуліганства і парушэнне ПДР. У выніку палітыку прызначылі 10 содняў адміністрацыйнага арышту.


30 чэрвеня міліцыя затрымала Барыса Анікеева, Вольгу Мікалайчык, Паўла Севярынца і Дзяніса Урбановіча.

Паўла Севярынца АМАП затрымаў, калі той выходзіў з крамы. Цяпер сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі знаходзіцца ў судзе Фрунзенскага раёну Менска і чакае на адваката. Актывіста і аднаго з найбольш актыўных удзельнікаў пратэстаў пад рэстарацыяй «Поедем поедим» могуць пасадзіць «на суткі».

Вядома, што раніцай у суботу міліцыя затрымала яшчэ траіх актывістаў – Барыса Анікеева, Вольгу Мікалайчык і Дзяніса Урбановіча.

«Анікееў і Урбановіч начавалі ў Вольгі Мікалайчык. Сёння чарга «Еўрапейскай Беларусі» несці вахту ў Курапатах, яны збіраліся выязджаць – іх усіх траіх і затрымалі каля дому Мікалайчык. Дзе яны – не маю панятку», – заявіў «Белсату» адзін з абаронцаў Курапатаў Леанід Кулакоў.

Ужо месяц у Курапатах пад лозунгам «Не кабак, а музей» праходзіць акцыя пратэсту супраць адкрыцця тут рэстарацыі.

Улады ціснуць на найбольш актыўных пратэстоўцаў. Гэтак, учора да аднаго з іх, цесляра Змітра Дашкевіча прыйшлі працаўнікі Аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Дашкевіч хацеў са сваймі партнёрамі па бізнесе паставіць у Курапатах 12 крыжоў, але раніцай іх затрымалі непадалёк ад урочышча. Прадпрымальніка падазраюць у «парушэнні правілаў гандлю і аказання паслугаў насельніцтву».

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 30 да 250 тысяч чалавек.

ДД

Глядзі таксама
Каментары