У Менску за хабары затрымалі галоўнага патолагаанатама


Супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй пры атрыманні хабару затрымалі начальніка Гарадскога клінічнага патолагаанатамічнага бюро.

Як паведамляецца на сайце МУС, за спрыяльнае вырашэнне пытанняў аб заключэнні дамоваў на пастаўку рытуальных тавараў для крамы, якая размешчаная на тэрыторыі арганізацыі, і своечасовай аплаце за пастаўлены тавар галоўны патолагаанатам атрымаў Br 5245 і $300.

На відэа, размешчаным у YouTube МУС бачна, што капэрта з грашыма была схаваная ў лядоўні. Падазраваны адмаўляе, што гэтыя грошы прызначаныя для яго. Адкуль з’явіліся грошы, ён таксама не змог растлумачыць.

За начальнікам бюро пачалі назіраць яшчэ ў траўні, тады ў аператыўнікаў зʼявілася інфармацыя пра карупцыйную дзейнасць медыка.

Следчыя выявілі, што начальнік бюро атрымліваў хабары цягам дзесяці гадоў. Штомесяц ён яму перадавалі 10% ад сумы пастаўленага тавару. Аператыўнікі адзначаюць, што падазраваны апошнім часам быў больш асцярожным і намагаўся сустракацца з прадстаўнікамі камерцыйных структур раз на квартал.

Паведамляецца, што агульная сума хабараў склала прыкладна 200 тысячаў долараў.

У дачыненні да службовай асобы ўзбуджаная крымінальная справа за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры. Начальніку бюро пагражае да 15 гадоў зняволення. Яго змешчаны пад варту.

На сайце Гарадскога клінічнага патолагаанатамічнага бюро пазначана, што начальнікам зʼяўляецца Пучкоў Аркадзь. Сваю пасаду ён займаў з 1988 году.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў