У Менску сабралі грошы для беларусаў, якія ваююць на Данбасе


Зміцер Дашкевіч
Бард Андрэй Мельнікаў
Мастачка Наталля Бордак з карцінаю

[/vc_column_text][vc_column_text]У Менску правялі дабрачынны марафон дапамогі беларускім байцам ва Украіне. Імпрэза па зборы сродкаў для беларусаў, якія бароняць свабоду і незалежнасць Украіны, адбывалася на сядзібе Партыі БНФ з ініцыятывы «Маладога фронту».

Падчас імпрэзы, якую вёў адзін з лідараў «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, на аўкцыён былі выстаўленыя некалькі карцінаў, ахвяраваных мастакамі Міхалам Анемпадыставым і Наталляй Бордак.

Пра сітуацыю ў зоне АТА распавялі ўкраінскія госці, валанцёркі, якія займаюцца непасрэдна зборам і дастаўкай рэчаў для тактычнай групоўкі «Беларусь» і іншых добраахвотных частак, – Вольга і Аляксандра.

Украінскія госці Аляксандра і Вольга
Украінскія госці Аляксандра і Вольга

Дзяўчыны прыгадалі абставіны, пры якіх быў смяротна паранены беларус Аляксандр Чаркашын. Паводле іх слоў, ён не здолеў выжыць праз брак прафесійнай экіпіроўкі. Кіеўскія госці падзякавалі беларусам за падтрыманне і салідарнасць і адзначылі, што добраахвотнікі, якія не маюць грамадзянства Украіны, маюць патрэбу ў дапамозе як ніхто, бо яны рэальна змагаюцца выключна за ідэю.

Украінскія дзяўчаты адзначылі, што існуе ініцыятыва валанцёраў, на якую ўжо атрыманы вусны дазвол кіеўскіх уладаў, каб на вуліцы Беларускай усталяваць памятны знак загінулым за свабоду Украіны беларусам Міхаілу Жызнеўскаму, Алесю Чаркашыну і Віталю Ціліжэнку.

Перад прысутнымі выканалі нізкі ўласных песень барды Андрэй Мельнікаў і Зміцер Захарэвіч. Былі прадэманстраваныя ўрыўкі з дакументальных стужак тэлеканалу «Белсат» «Білорус» ды «Міхаіл Жызнеўскі. Воін святла».

Падчас аўкцыёну былі купленыя карціна «Краявід» Анемпадыстава і адзін сімвалічны твор Наталлі Бордак. Шмат хто ахвяраваў грошы, перадаючы іх арганізатарам або ўкраінскім гасцям. Тэлеканал «Белсат» распаўсюдзіў сярод ахвярадаўцаў саколкі, торбы і дыскі з відэафільмамі.

МЯ, паводле novychas.by, фота novychas.by

Стужка навінаў