У Менску развіталіся з кінарэжысёрам Любоўю Зямцовай


Любоў Зямцова.
Фота: Максім Швед

На Паўночных могілках у Менску сёння развіталіся з кінарэжысёркай Любоўю Зямцовай.

14 траўня Любоў і яе калегі, аўтары дакументальнага праекту «Невядомая Беларусь», які выходзіць на тэлеканале «Настоящее время», трапілі ў ДТЗ. У выніку аварыі загінулі мастак-гукарэжысёр Максім Гаўрыленка і рэжысёр Уладзімір Міхайлоўскі. Рэжысёрка Любоў Зямцова трапіла ў больніцу хуткай медычнай дапамогі ў крытычным стане. 22 траўня Любоў Зямцова памерла.

Святлана Зямцова, маці Любові Зямцовай:

«Яны былі на ўзлёце. Мы марылі з ёю адкрыць студыю, якая б называлася «Свет и Любовь», а разам «Сіла». І студыя была б не толькі для яе, а для ўсіх творчых маладых людзей, якія завяршаюць недзе вучобу, а знайсці сябе не могуць, бо трэба знаходзіць сродкі, каб рэалізаваць свае фільмы.

Святлана Зямцова

Любаша ўсе свае фільмы мантавала дома ў сваім невялічкім пакоі. Яна сама здымала, пісала сцэнары і казала ў кадры ці за кадрам, бо яна была шчырым чалавекам і магла сказаць, пакуль была ў целе. Цяпер мы развіталіся з целам, але душа ўсё адно прамаўляе. Я ведаю, што мая Любаша жывая, проста, як я кажу бабулі, яна паехала ў камандзіроўку, у доўгую камандзіроўку».

Вікторыя Бегунова

Вікторыя Бегунова, сяброўка:

«Апроч Любы ў мяне, насамрэч, і сябровак больш не было. Бо ў параўнанні з ёю, як бы гэта ні гучала, але шмат якія людзі проста здаваліся абыякавымі. А яна была Любоўю ва ўсіх праявах, яна любіла ўсіх вакол сябе, дзялілася гэтым, і вельмі шкада, што яе не стала».

Мікалай Лаўрынюк, прадзюсар, каардынатар фестывалю «Лістапад»:

«Люба на працягу доўгіх гадоў здымала дакументальны фільм, якога яна не паспела завершыць. Фільм, дзе вельмі шмат яе працы і таленту, яе любові, з якой яна заўсёды працавала. На працягу, напэўна, чатырох гадоў ішлі гэтыя здымкі, былі чарнавыя версіі мантажу, некаторы сцэны былі змантаваныя. Але Люба працавала доўга, яна сачыла за сваімі героямі.

Мікалай Лаўрынюк

Яе фільм расказвае пра Арцёма, сірату, які быў у Бабруйску, і ягонага патранажнага бацьку Валерыя Аляксеева. Дзякуючы гэтаму фільму яны пазнаёміліся з Вовам Міхайлоўскім і сталі творчым тандэмам. Люба хацела яшчэ здымаць, ёй не хапала фіналу для гэтага фільму. Яна чакала пэўных падзеяў у жыцці гэтых людзей. Тым не менш, мы лічым, што гэты фільм мусіць быць завершаны, і мы будзем працаваць над гэтым, каб гэты фільм быў – жыў на знак памяці пра Любу і яе талент».

Андрэй Завалей

Андрэй Завалей, сябра:

«У яе было багата працаў, якіх яна яшчэ не апублікавала, у якіх яна звяртала ўвагу на самыя вострыя сацыяльныя праблемы: на гвалт супраць жанчын, на гвалт супраць людзей, якія не ўпісваюцца ў нормы нашага грамадства. Яна спрабавала пераадольваць дыскрымінацыю і нянавісць».

Максім Швед

Максім Швед, кінарэжысёр:

«Я вучыўся з Любай у школе Вайды, сядзеў з ёю за адною партай. Яна заўсёды мяне падтрымоўвала, казала: Максік, усё будзе добра. Яна сапраўды была вельмі эмпатычным чалавекам, і такія ж героі ў яе былі. Яна заўсёды рэзанавала са слабым, так бы мовіць, светам. І вельмі цяжка паверыць, што яе больш няма».

Яцэк Блавут, актор, аператар, кінарэжысёр:

«Страшна тое, што адбылося. Люба была самым чулым чалавекам, якога я ведаў. Я з упэўненасцю магу сказаць, што яна была для мяне надзвычай блізкім чалавекам. Некалькі гадоў таму ў Менску, падчас майстар-класаў, я прапанаваў ёй вучыцца ў школе Вайды. Пазней я курыраваў яе фільм. Апошні раз мы летась сустракаліся на майстар-класе ў Кіеве. Мне цяжка паверыць, што Люба, якая гэтак любіла людзей, больш не з намі».

Фота + Відэа
«Ён толькі цяпер знайшоў свой шлях, сваё каханне». У Бабруйску развіталіся з маладым рэжысёрам Уладзімірам Міхайлоўскім
2020.05.16 16:08

Любоў Зямцова скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, школу Wajda School Doc Pro ў Варшаве. Зняла некалькі фільмаў, сярод якіх «Дзень Перамогі», «Месца кахання», «Пра каханне: Іра», а таксама цыкл з чатырох выпускаў «Невядомая Беларусь».

У Гомлі з калегамі Любоў Зямцова здымала фільм пра гомельскіх валанцёраў, якія дапамагаюць медыкам. Але дарабіць карціну аўтары не паспелі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў