У Менску разгледзяць пазоў крычаўскага міліцыянера, якога звольнілі пасля скаргі Шуневічу


Ігар Вусік дамагаецца адмены дысцыплінарнага спагнання і аднаўлення на працы ў органах МУС.

Пасяджэнне запланаванае на 27 чэрвеня 14:10 у судзе Цэнтральнага раёну Менску.

Позва ў суд за подпісам суддзі Аляксандра Длужнеўскага прыйшла на хатні адрас Вусіка, паведамляе 6tv.by. Ліст атрымалі ягоныя сваякі, бо сам былы міліцыянт быў на заробках у Расеі,. Цяпер ён вяртаецца ў Крычаў, каб асабіста прысутнічаць на судзе.

З чаго ўсё пачалося

11 крычаўскіх праваахоўнікаў, у тым ліку Ігар Вусік, паскардзіліся Ігару Шуневічу, што іх прымушаюць выконваць «план за злачынствах» і аддаваць прэміі кіраўніцтву. У звароце яны таксама напісалі, што неаднаразова сутыкаліся са знявагамі і кпінамі, несправядлівымі пакараннямі, неабгрунтаванымі, з гледзішча міліцыянтаў, пераводамі на ўзмоцнены варыянт нясення службы.

Увосень 2016 года і ў студзені 2017 года ў Крычаўскім РАУС праходзілі праверкі. Яны выявілі хібы, якія мелі сістэмны характар і не выпраўляліся. Начальніку Крычаўскага РАУС падпалкоўніку міліцыі Станіславу Чупрыну па выніках праверкі абвясцілі дысцыплінарнае спагнанне за парушэнне Правілаў прафесійнай этыкі. Іншых парушэнняў падчас праверкі выяўлена не было.

Падпалкоўніка Ігара Вусіка адхілілі ад працы праз інтэрвʼю нашаму тэлеканалу і іншым медыям. МУС правяло адмысловую праверку, а афіцэрскі сход крычаўскіх міліцыянтаў прагаласаваў за выключэнне Вусіка са свайго складу.

Ігар Вусік праслужыў у міліцыі 21 год, мае званне падпалкоўніка, ягоная праца была прызнаная адной з лепшыя на абласным узроўні.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў