У Менску паказалі пісанага Лукашэнку


Расейскі мастак Нікас Сафронаў раней маляваў Лукашэнку ў вобразе Францыска Скарыны. Гэтым разам кіраўнік Беларусі выяўлены на фоне дзяржаўнага сцяга, з вясковымі краявідамі замест фактуры пінжака.

Чарговы партрэт Лукашэнкі – менш пафасны, у вобразе дабрадушнага патрыёта з роднай вясковай глыбінкі. А замест строгай грымасы, з якой часцей за ўсё кіраўнік краіны з’яўляецца перад сваймі падначаленымі – просты, адкрыты і лагодны твар з лёгкім намёкам на ўсмешку.

Мастак гаворыць, што лічыць Аляксандра Лукашэнку здаровым і перспектыўным чалавекам, якога вельмі паважаюць і любяць шмат людзей у Расеі і нават хацелі б убачыць яго ў ролі прэм’ера РФ – бо змог бы «навесці парадак».

У якасці падзякі за партрэт на адкрыцці выставы перад публікай Нікасу Сафронаву прынеслі падарункі ад кіраўніка Беларусі. Мастак распавёў, Аляксандр Лукашэнка яму «тэлефанаваў» раніцай каб падзяваць і дамовіцца аб часе наступнай сустрэчы, але ад прэзідэнта не датэлефанаваліся, бо мастак спаў.

Акрамя партрэту Лукашэнкі Сафронаў прывёз у Менск шмат… аўтапартрэтаў і проста ўласных фота з вядомымі людзьмі.

На выставе падчас выступу Нікаса Сафронава, было лёгка адчуць сябе, як на сеансе нейкага «творчага Кашпіроўскага». Мастак шмат распавядаў пра сваё жыццё, поўнае містычных падзеяў.

Сярод іншага Сафронаў распавёў менчукам, што ёсць відэа з аднаго з музеяў, на якім бачна, як уначы перад адкрыццём выставы з карцін Нікаса Сафронава выляталі «энергетычныя шары». Гэтыя шары мастак лічыць адлюстраваннем пазітыўнай гаючай для душы і цела энергетыкай, якую наведнікі перадалі ім падчас праглядаў выставы, і што яго карціны здольныя аддаваць гэту энергію назад людзям.

Ці заміраточыць «энергетычнымі шарамі» партрэт Лукашэнкі?

Фота і тэкст Вячаслава Радзіміча, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары