У Менску брутальна затрыманы Зміцер Паліенка


У сталіцы каля дзясятай гадзіны раніцы 20 сакавіка ў сваёй кватэры быў затрыманы актывіст і былы палітвязень Зміцер Паліенка. Яго падазраюць у здзяйсненні злачынства паводле артыкулу 339, ч.3 КК РБ («Злоснае хуліганства»).

Падрабязнасці затрымання ПЦ «Вясна» распавяла сяброўка Змітра Наста Гусева.

«Каля 10 ранку ў кватэру брутальна ўварваліся людзі з аўтаматамі, у бронекамізэльках і масках. Адразу павалілі Змітра на падлогу тварам уніз, адзелі кайданкі. Затым выбілі дзверы ў суседні пакой, пачалі праводзіць ператрус. Паведамілі, што супраць Змітра заведзена новая крымінальная справа за «злоснае хуліганства», – распавяла Наста Гусева.

Супрацоўнікі паведамілі, што справа нібыта звязана з інцыдэнтам тыднёвай даўніны.

«Прыкладна тыдзень таму Зміцер чакаў свайго сябра на лесвічнай пляцоўцы і да яго стаў чапляцца п’яны агрэсіўны мужчына. Таму проста не падабалася, што той там стаіць. Ён абражаў Змітра, а затым ударыў яго па твары. Тады Зміцер распыліў пярцовы балончык», – пераказала гісторыю Наста.

Ператрус у кватэры Змітра цягнуўся каля гадзіны. У актывіста канфіскавалі ўсю тэхніку (кампутар, мабільны тэлефон), літаратуру, улёткі, налепкі і г.д. У Насты Гусевай, якая знаходзілася ў той момант у кватэры, таксама канфіскавалі мабільны тэлефон. Паводле актывісткі, уся ўвага сілавікоў была накіравана менавіта на літаратуру і іншыя друкаваныя матэрыялы, якія знайшлі ў Паліенкі. Усе іх пытанні былі пра гэта, а абставіны справы іх асабліва не цікавілі.

Пасля ператрусу Змітра Паліенку павезлі ў ГОМ-2, адкуль яго, хутчэй за ўсё, павязуць у Следчы камітэт.

Hавiны
Былы палітвязень Паліенка патрабуе распачаць крымінальную справу супраць міліцыянтаў
2019.02.05 19:11

СК, belsat.eu

Стужка навінаў