Былы палітвязень Паліенка патрабуе распачаць крымінальную справу супраць міліцыянтаў


Дзмітрый Паліенка накіраваў заяву ў раённы аддзел Следчага камітэту Заводскага раёну Менску з патрабаваннем завядзення крымінальнай справы па фактах жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з боку супрацоўнікаў Заводскага РУУС падчас яго трохдзённага затрымання па крымінальнай справе.

Падставаю для звароту сталі, на думку Дзмітрыя Паліенкі тое, што падчас затрымання, калі ў яго кватэру ўварваліся каля дзевяці супрацоўнікаў міліцыі, адзін з іх абяцаў справіць яму на твар натуральныя патрэбы, а другі – нецэнзурна абражаў, паведамляе «Вясна». Па-другое, падчас транспарціроўкі з дому да ГАМ №2 на спецаўто Дзмітрыю загадалі ўстаць на калені і трымаць рукі за спіною. У такой нязручнай позе ён прастаяў каля гадзіны. Апрача таго ў першую ноч пасля затрымання яго адмовіліся прымаць у ізалятар часовага ўтрымання, спасылаючыся на адсутнасць інгалятара (Паліенка астматык). Таму затрыманага вярнулі ў Заводскае РУУС, дзе ён правёў ноч у карцары, умовы якога былі значна горшымі. У ІЧУ яго адвезлі толькі раніцай, калі знайшоўся інгалятар.

Першы раз паесці Дзмітрый змог толькі праз двое сутак з моманту затрымання. За ўвесь гэты час супрацоўнікі міліцыі ні разу не прапанавалі яму ежу.

І апошняй кропляй стала тое, што пасля праведзенага ў яго адсутнасць ператрусу ў пакоі была зламаная канапа, а на балконе пашкоджаны сцены. Таксама невядома, куды пасля ператрусу зніклі грошы Паліенкі: ці яны былі канфіскаваныя, або проста зніклі.

Дзмітрый Паліенка мяркуе, што ўсе гэтыя факты дэманструюць, што дзеянні супрацоўнікаў Заводскага РУУС – не што іншае, як жорсткае абыходжанне, якое прыніжае чалавечую годнасць.

І таму ён просіць Следчы камітэт распачаць крымінальную справу па фактах жорсткага і бесчалавечнага абыходжання і прыцягнуць супрацоўнікаў УУС Заводскага раёну да крымінальнай адказнасці.

Палітвязень Дзмітрый Паліенка, актывісты Яўген Чуліцкі і Анастасія Гусева былі затрыманыя 21 студзеня па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства паводле крымінальнага артыкулу апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці за нанясенне графіці. Падчас трохдзённага затрымання катаванні і жорсткае абыходжанне цярпелі і двое іншых падазраваных. Пасля вызвалення Анастасія Гусева распавяла «Вясне» пра тое, як яе не пускалі ў прыбіральню, адмаўляліся даваць ёй ежу і аказваць медычную дапамогу.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў