«Белсат» правёў стрым з акцыі памяці апазіцыйнага палітыка, забітага пяць гадоў таму ля сцен Крамля.
Удзельнікі маршу пачалі збірацца прыкладна а 12:30 на Страстным бульвары ў расейскай сталіцы, каб прайсці дагляд на рамках бяспекі.
Унутраны бок бульвара паліцыя перакрыла яшчэ ў 10:00. Само шэсце пачалося а 14:00 і скончылася а 16:00.
Паводле дадзеных падліку «Белага лічыльніка», на тэрыторыю мерапрыемства паліцыя прапусціла крыху больш за 22 тысяч чалавек.
Яшчэ каля двухсот чалавек засталіся за паліцэйскай агароджай перад рамкамі бяспекі, паведамляюць валанцёры службы.
16:01 Паліцыя праз мегафоны папрасіла ўсіх удзельнікаў шэсця разыйсціся. Паводле папярэдніх звестак, затрыманняў падчас акцыі не было.
13:20 На акцыю прыйшлі бацькі некаторых фігурантаў справы «Сети».
13:18 На акцыю прыйшоў малады чалавек з плакатам «Не нараджайце людзей за грошы», які адсылае да ідэі Пуціна выплачваць мацярынскі капітал у памеры амаль паўмільёна рублёў ужо за нараджэнне першага дзіцяці.
13:15 У маршы ўдзельнічае грамадзянін Беларусі з гістарычным, бел-чырвона-белым, сцягам гэтай краіны, ён заявіў, што ў свабодзе мае патрэбу не толькі Расея, але і многія постсавецкія краіны.
Удзельнікі маршу пройдуць па ўнутраным баку бульварнага кальца, затым па праспекце Акадэміка Сахарава амаль да скрыжавання з Садовым кальцом – гэта значыць, традыцыйным маршрутам гэтай штогадовай акцыі.
Арганізатары кажуць, што не толькі ўспомняць аднаго з лідэраў апазіцыі, забітага пяць гадоў таму, але таксама запатрабуюць змяняльнасці ўлады ў Расеі і выступяць супраць яе ўзурпацыі. Шэсце гэтага года – першая палітычная акцыяй пратэсту з моманту аб’яўлення аб зменах у Канстытуцыі.
Пасля гэтага ўсе ахвотныя накіруюцца да Вялікага Маскварэцкага мосту — на месца забойства палітыка, каб ускласці кветкі.
ДД/АА belsat.eu