У Маладзечна працаўнікі ДАІ спынілі здымачную групу «Белсату»


Аператара «Белсату» Алеся Сіліча прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці за налепку з бел-чырвона-белым сцягам на ягоным аўтамабілі.

Журналісты «Белсату» Марыя Арцыбашава і Алесь Сіліч працавалі на мітынгу Святланы Ціханоўскай ў Маладзечна.

«Ад стадыёна, дзе праходзіў мітынг, за намі ехала машына ДАІ. Калі мы спыніліся каля крамы, яны ўключылі мігалкі і заблакавалі машыну», – кажа Марыя Арцыбашава.

ДАІшнікі зачапіліся да таго, што на аўтамабілі Алеся Сіліча была налепка з бел-чырвона-белым сцягам. Міліцыянты сказалі, што такая налепка забароненая.

«ДАІшнікі пайшлі параіліся ў машыне, а потым вярнуліся да нас і сказалі, што кіраўніцтва загадала ім даставіць у РАУС для размовы. Я запытала, па якой прычыне нас просяць праехаць у РАУС, але прычыну яны не тлумачылі. Яны зноў пайшлі ў сваю машыну, а потым вярнуліся і сказалі, што будуць складаць пратакол на Алеся за налепку», – распавяла Арцыбашава.

У выніку журналісты былі вымушаныя паехаць разам з міліцыяй. На Сіліча склалі адміністратыўны пратакол у будынку РАУС і пасля гэтага адпусцілі.

Нагадаем, раней падчас жывога эфіру ў Маладзечна былі затрыманыя нашыя журналісты Зміцер Міцкевіч і Дзяніс Дзюба.

Hавiны
Больш за 200 журналістаў падпісаліся пад зваротам да ўладаў Беларусі
2020.07.21 11:20

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў