У Магілёве журналісты абскарджваюць рашэнне суда ў сфабрыкаванай справе


Фрылансэры журналістка Аліна Скрабунова і аператар Аляксандр Сідарэўскі атрымалі 8 содняў арышту за ўдзел у мітынгу, якога нават не было, распавяла Belsat.eu журналістка.

«Нас затрымалі 11 жніўня ў кавярні ў горадзе, сярод дня. У гэты час не было акцыяў і нават не планавалася ў тым раёне. АМАПаўцы ў балаклавах проста зайшлі ў кавярню і вывелі нас дваіх», – узгадвае Аліна Скрабунова.

Яна кажа, што іх адвезлі ў Кастрычніцкі РУУС Магілёва:

– У нас забралі ўсе рэчы і аформілі як затрыманых, склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У пратаколе напісалі, што мы ўдзельнічалі ў мітынгу за дзень да затрымання, 10 жніўня, ля гандлёвага цэнтру «Атрыўм». Але, па-першае, нас там і блізка не было ў той дзень. Па-другое, не было самога мітынгу. 10 жніўня плошча ля ГЦ была ачэпленая сілавікамі, таму людзі збіраліся не каля «Атрыуму».

Аляксандр Сідарэўскі і Аліна Скрабунова. Крыніца: уласны архіў

Але менавіта такое абвінавачванне і сведчанне сілавікоў суддзя Таццяна Міхайлава з суда Кастрычніцкага раёну Магілёва прыняла за дастатковае, каб прызнаць журналістаў вінаватымі.

«Нас судзілі ў самім ІЧУ. У нас не было магчымасці сабраць доказы ўласнай невінаватасці, запрасіць сваіх сведкаў ці нават наняць адваката. Супраць нас сведчылі міліцыянты, якіх мы не ведаем. Яны не былі на разбіральніцтве, а суддзя проста зачытала пратакол іхнага апытання. Увогуле на судзе была толькі я, суддзя і сакратар», – узгадвае Аліна.

Журналістка абураецца сведчаннямі, бо такога проста не магло быць:

«Міліцыянт напісаў, што ў гэты час нёс службу ля «Атрыўму» і бачыў, як я выкрыквала лозунгі, і прыйшла, каб паказаць, што не задаволеная вынікамі выбараў. Ніякіх фота ці відэадоказаў мне не прадставілі, бо іх і не можа быць!»

Журналістам далі 8 содняў арышту кожнаму. Аліна Скрабунова адседзела 4 содні, Аляксандр – 3.

«Гэтыя содні цягам года будуць вісець на мне, і мяне могуць забраць у любы момант», – адзначыў Аляксандр Сідарэўскі.

Цяпер журналісты чакаюць абласны суд.

«Паколькі абласны суд сказаў самастойна шукаць білінг мабільнага, то мы звярнуліся да мабільных аператараў. Аператар А1 прадствіў нам білінг, а МТС адмовіў – маўляў, яны нават не ўсім следчым прадстаўляюць такія дадзеныя. А вось у А1 гэта новая паслуга, якая толькі з’явілася, раней яны таксама не давалі білінг фізічным асобам», – распавяла Аліна Скрабунова.

Марыя Грыц Belsat.eu

Стужка навінаў