У Магілёве затрыманыя ўдзельнікі экскурсіі


Фота: Вольга Васільева / «Белсат»

Увечары 10 жніўня ў цэнтры Магілёва праходзіла экскурсія пад кіраўніцтвам сертыфікаванага экскурсавода, старшыні Магілёўскай філіі Таварыства Беларускай мовы Алега Дзьячкова. У пэўны момант вулічны пратэст перамясціўся на пешаходную вуліцу Ленінскую, па якой праходзіла гэтая экскурсія. З двароў выбеглі «людзі ў чорным» і затрымалі ўдзельнікаў экскурсіі.

Удзельнікі “рэпрэсаванай” экскурсіі.
Фота: Вольга Васільева / «Белсат»

Сярод затрыманых:

– старшыня Магілёўскай суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў,

– рэжысёр Магілёўскага драматычнага тэатру Уладзімір Пятровіч,

– дырэктар беларускамоўнай кавярні «Шпаркі лось» Вадзім Бабкоў.

Затрыманых удзельнікаў гістарычнай экскурсіі па цэнтру Магілёва было болей. З 40 удзельнікаў супрацоўнікі праваахоўных органаў забралі каля паловы – усіх мужчын, а жанчын адпусцілі.

Затрымалі удзельнікаў культурніцкай падзеі ў Магілёве.
Фота: Вольга Васільева / «Белсат»

Падрабязна затрыманне экскурсіі апісвае адная з удзельніц – Воля Семчанка:

«Мы спыняліся каля будынкаў на пешаходнай вуліцы ленінская і Алег Дзьячкоў распавядаў нам пра іх. Экскурсія праходзіла весела і пазітыўна, ярка і абсалютна мірна. Ніякіх лозунгаў ці сімволікі – нічога. Але скончылася экскурсія сумна. Каля музею Бялыніцкага-Бірулі над намі завіс дрон, а на плошчы зорак ужо гуртаваліся людзі ў чорным. Хутка нас узялі ў кола і кажуць: «ідзіце дадому». Атрымалася так, што жанчын адцяснілі, а мужчын усіх забралі. Пасля мы даведаліся, што ўсе затрыманыя ўдзельнікі экскурсіі знаходзяцца ў ізалятары, сёння над імі мусіць адбыцца суд», – распавяла Воля Семчанка.

экскурсія ў цэнтры Магілёва.
Фота: Вольга Васільева / «Белсат»

Удзельнікі экскурсіі спрабавалі патлумачыць праваахоўнікам, што нічога не парушаюць і нават падарылі ім букет рамонак, але гэта не спрацавала .Увечары 10 жніўня ў Магілёве адбыўся другі пратэст. Шмат людзей было затрымана і дастаўлена ў раённыя РАУСы. Сярод затрыманых было шмат непаўналетніх – іх бацькі доўга стаялі пад РАУСам, пакуль іх дзяцей не адпусцілі. Значная частка затрыманых была дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання і чакае суда.

Вольга Васільева, «Белсат»

Стужка навінаў