У Магілёве з участкаў масава выдаляюць незалежных назіральнікаў


Першы дзень назірання – і адразу выдаленні, пазбаўленне акрэдытацыі, выклікі міліцыі на ўчастак і затрыманні. Незалежныя назіральнікі на магілёўскіх выбарчых участках паведамляюць пра масавыя парушэнні ўжо ў першы дзень датэрміновага галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі 2020 года.

Алесь Сабалеўскі назірае за выбарамі ўжо не першы год і ведае ўсе правы і абавязкі як назіральніка, так і чальцоў участковай камісіі. Ён зарэгістраваўся назіральнікам у сярэдняй школе № 39 Магілёва на 95-м участку, дзе быў вымушаны назіраць з-за дзвярэй.

«Я акрэдытаваўся 16-м у спісе, і мяне на ўчастак пусцілі толькі падчас апячатвання скрыні. Астатні час я быў вымушаны стаяць на калідоры. Праз дзверы бачныя і кабінка, і скрыня, а калі прайсціся туды-сюды, то можна пабачыць і стол камісіі», – паведаміў Алесь пра пачатак свайго назірання.

Але доўга заставацца ў школе ля выбарчага ўчастку Сабалеўскаму не дазволіў старшыня раённай камісіі, які прыехаў у школу і пачаў патрабаваць ад назіральніка пакінуць «рэжымны аб’ект». Паводле Алеся Сабалеўскага, дырэктар школы загадаў вахцёру болей не пускаць назіральніка ўсярэдзіну.

Алесь Сабалеўскі назірае на калідоры на 95 выбарчым участку. Фота Алеся Сабалеўскага

«Хоць у нас выбары павінны праходзіць публічна і адкрыта, але старшыня раённай камісіі ніяк не жадаў, каб яго фатаграфавалі», – сказаў Алесь, у якога ўсё ж такі выйшла зрабіць фота са старшынём раённай выбарчай камісіі.

Алесь Сабалеўскі ўжо падаў скаргі на дзеянні камісіі. Назіральнік адзначыў, што кабінкі для галасавання не закрытыя з двух бакоў, што чальцы камісіі сядзелі без масак, і што яго як назіральніка не дапусцілі да непасрэднага назірання за выбарамі.

Алеся просяць пакінуць абʼект. Фота Алеся Сабалеўскага

Іншы незалежны назіральнік – жыхар Магілёва Віктар Болдзін – увогуле быў пазбаўлены акрэдытацыі. Яго, як і Алеся Сабалеўскага, выдалілі за межы ўчастку пасля апячатвання скрыні для галасавання. Віктар заняў пазіцыю за 200 метраў ад уваходу ў выбарчы ўчастак № 99 і хацеў палічыць колькасць выбарнікаў. Але яму гэтага зрабіць не далі.

«Я быў на вуліцы праз дарогу ад участку. Там да мяне падышла жанчына, якой я падараваў каляндарык з партрэтам Святланы Ціханоўскай. Чальцы выбарчай камісіі прычапіліся да гэтага. Разам з супрацоўнікамі міліцыі і са старшынёй раённай камісіі яны ўчынілі скандал, урэшце пазбавілі мяне акрэдытацыі».

Карціна аднолькавая на ўсіх участках: на датэрміновым галасаванні камісіі дазваляюць прысутнічаць максімум тром назіральнікам, а ў асноўны дзень галасавання – пяці. Хаця раней колькасць назіральнікаў ніяк не абмяжоўвалася, маглі прыйсці ўсе ахвотныя.

«Яны тлумачаць гэта цяжкай эпідэміялагічнай сітуацыяй у сувязі з распаўсюджваннем COVID-19. Але ж на тое няма ніякага прадпісання санэпідстанцыі ці лекараў. Проста пачалося бязмежжа», – кажа каардынатар каманды Святланы Ціханоўскай у пытаннях назірання Уладзімір Шанцаў.

95 выбарчы ўчастак у Магілёве. Фота Алеся Сабалеўскага

«На ўчастках не жадаюць ні размаўляць, ні разбірацца. Калі трох назіральнікаў набралі, то ўсё, ідзі дадому. У нас па горадзе каля 150 назіральнікаў, з іх толькі 20 сёння змаглі назіраць за хадой датэрміновага галасавання на ўчастках. 7 нашых назіральнікаў пазбавілі акрэдытацыі і каля 10 чалавек выдалілі з участкаў. Мы падаем скаргі на гэтыя дзеянні ўчастковых выбарчых камісіяў, а таксама скардзімся на парушэнне таемнасці галасавання – на кабінках цалкам ці часткова адсутнічаюць занавескі», – кажа Уладзімір Шанцаў.

Hавiны
Амаль 5 % – ЦВК назваў адсотак тых, хто ўжо прагаласаваў
2020.08.05 10:53

На думку Шанцава, такія дзеянні выбарчых камісіяў у адносінах да назіральнікаў і самога галасавання абумоўленыя тым, што раней незалежныя назіральнікі фіксавалі вялікую розніцу ў яўцы на ўчастку. У пацверджанне сваіх словаў Шанцаў прыводзіць лічбы першага дня датэрміновага галасавання: назіральнік, які стаяў на вуліцы, налічыў 20 выбарнікаў, а камісія вывесіла пратакол, згодна з якім прагаласавалі 112 чалавек. Каб незалежныя назіральнікі не маглі пісаць скаргаў, ім не тое што ўскладнілі, а практычна перашкодзілі весці назіранне.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Магілёўскай вясны», 4 жніўня на ўчастку № 97 быў затрыманы назіральнік ініцыятывы «Сумленныя людзі» Андрэй Застрэлаў. Ён таксама не змог застацца на ўчастку, бо тры месцы для назіральнікаў ужо былі занятыя. Калі Застрэлаў выказаў сваю нязгоду, то старшыня камісіі выклікаў на яго міліцыю, і Андрэя забралі ў пастарунак на тры гадзіны для высвятлення асобы.

  • У 1 дзень галасавання найменш людзей прагаласавалі датэрмінова на Гарадзеншчыне – 3,39 %, а найбольш на Гомельшчыне – 7,55 %. На Берасцейшчыне яўка ўжо склала 4,23 % выбарцаў, на Магілёўшчыне – 4,66 %, на Меншчыне – 4,69 %, у Менску – 4,77 %, на Віцебшчыне – 5 %.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў