У Магілёве судзілі працаўніцу драматычнага тэатру. За яе заступіліся акторы


Ленінскі суд Магілёва 5 кастрычніка разгледзеў адміністратыўную справу Вольгі Семчанка – загадчыцы аддзелу літаратурна-драматычнай частцы тэатру і арганізатаркі беларускіх народных танцаў. Вольгу прызналі вінаватай ва ўдзеле ў мірным мітынгу 23 жніўня і пакаралі 7 соднямі арышту.

За дзяўчыну заступіўся калектыў тэатру і суполка беларускіх народных танцаў – яны падалі хадатайствы ў суд і ў пракуратуру з просьбай вызваліць Вольгу Семчанку з-пад варты.

Вольга Семчанка. Фота з Фэйсбуку

Вольгу Семчанку затрымалі ў пятніцу 2 кастрычніка проста ў цэнтры гораду. Затрымліваў яе сам начальнік аддзелу аховы правапарадку Ленінскага РАУС Магілёва Цімур Пахоменка. Пасля затрымання ў Вольгі арыштавалі мабільны тэлефон, а на яе саму склалі пратакол і адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання да суду.

Вольгу Семчанку прыйшлі падтрымаць калегі і сябры. Фота belsat.eu

5 кастрычніка суд праходзіў праз скайп. Сувязь увесь час абрывалася, было чутна моцнае рэха. Усё гэта не дазваляла нармальна праводзіць працэс, на што звярнула ўвагу Вольга і папрасіла даставіць яе ў суд. Суддзя Таццяна Касцюк адхіліла гэтае хадатайства, як адхіліла і два іншых: весці працэс на беларускай мове і прыняць адвод.

Вольгу Семчанка абвінавацілі ва ўдзеле ў мірным маршы 23 жніўня, маўляў, «ішла з бела-чырвона-белым палотнішчам на плячох». Сваёй віны Семчанка не прызнала. На відэа, якоё ёй паказвалі «экран у экран» не пазнала і адмовілася сведчыць супраць сябе самой. Таксама Вольга нагадала суддзе, што беларусы маюць права на мірныя мітынгі і дэманстранцыі, але закон аб масавых мерапрыемствах гэтае права абмяжоўвае.

Падтрымаць Волю на суд прыйшло багата людзей. Сярод іх актор Магілёўскага драматычнага тэатру Уладзімір Пятровіч. Ён выразіў меркаванне, што на ягоную калегу Вольгу Семчанка ажыццяўляецца беспрэцыдэнтны ціск.

«Да яе прыходзілі людзі ў масках у 7 раніцы, званілі маці, на працу, выклікалі па тэлефоне і калі яна прыходзіла, прымушалі чакаць на вуліцы. Псіхалагічны ціск, папранне правоўі законаў, пастаянны негалосны надзор – гэта рэаліі, у якіх прыходзіцца жыць сучаснаму беларусу», – кажа Уладзімір Пятровіч пра справу Вольгі Семчанка.

Суддзя Таццяна Касцюк пакарала Вольгу Семчанка 7 соднямі арышту.

Вольга Васільева, belsat.eu

Стужка навінаў