З розных гарадоў Беларусі 8 траўня працягваюць прыходзіць звесткі пра затрыманні.
Як паведамляе радыё «Свабода», у судзе Лідскага раёну затрымалі жыхара Ліды Алега Краўцова. Ён разам з паплечнікамі прыйшоў падтрымаць на судзе фельчара Паўла Палейчыка. Краўцоў таксама ўдзельнічаў у сустрэчы з відэаблогерам Сяргеем Ціханоўскім 22 красавіка ў Лідзе.
Краўцова выклікалі ў РАУС яшчэ 7 траўня, каб даць тлумачэнні ў адміністрацыйнай справе. Яго затрымалі за ўдзел у «масавым несанкцыянаваным мерапрыемстве» паводле артыкулу 23.34 КаАП.
Пазней стала вядома, што фельчару Паўлу Палейчыку прысудзілі 7 содняў арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Наступным судзяць лідзяніна Андрэя Паляковіча.
А ў Магілёве каля будынку суду Кастрычніцкага раёну затрымалі праваабаронцу і журналіста Аляксандра Буракова.
«Сказалі, што ў дачыненні да яго вядзецца адміністрацыйны працэс», – паведаміў у Facebook мясцовы актывіст Алесь Сабалеўскі.
У судзе зараз разглядаюць справы затрыманых удзельнікаў сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім.
МГ belsat.eu